Азотаўцы патрабуюць прызнаць звальненне незаконным, кампенсаваць вымушаныя прагулы і маральныя страты. Свае страты кожны ацаніў у суму ад 3000 да 10 000 рублёў. Hrodna.life сабраў фрагменты выступаў рабочых, якіх суд заслухаў на 18 студзеня.
«Увечары 27 кастрычніка я адмовіўся прыняць змену з-за вялікай загазаванасці [аміякам — заўв. рэд.] на працоўным месцы. Гэта пагражала майму здароўю, — заявіў апаратчык Аляксей Сідар.
Мяне адхілілі ад працы. Прыйшлі работнікі ведамаснай аховы і вывелі за прахадную. Замест ліквідацыі ўцечкі на абсталяванні начальства выклікала іншага апаратчыка. На наступны дзень мой пропуск заблакавалі. 28 кастрычніка я захварэў [і атрымаў бальнічны ліст — заўв. рэд.]. У гэты ж дзень мяне звольнілі без тлумачэнняў прычын".
«Сёння судзяць тых, хто бачыў, што адбывалася на прахадной 26 кастрычніка і пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў», — казаў Артур Богуш, апаратчык вытворчасці капралактаму.
«За шэсцьдзясят гадоў працы нашага завода ніколі не білі хімікаў, не заганялі дубінкамі на працу з крыкамі „Кармавая база, ідзіце працаваць“. Нашы былыя дырэктары Салаўёў, Іваноў, Лангоў перакуліліся б у труне, калі б убачылі, як 26 кастрычніка азотаўцаў заганялі на працу».
«Я быў у адпачынку з 19 кастрычніка па 13 лістапада. Але мяне звольнілі за ўрон, які нібыта я зрабіў прадпрыемству 26 кастрычніка. Я добрасумленна працаваў 26 гадоў. Калі я дрэнны спецыяліст, прагульшчык — звальняйце па законе. Бачыць як б’юць калегаў, цягнуць іх у аўтазак — не магу.
Пасля падзей на прахадной я напісаў заяву аб уступленні ў стачку. Хацеў адправіць заяву дырэктару. Не паспеў дайсці да паштовага аддзялення, як у сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што я ўжо звольнены. За гэты злачынны загад павінны адказаць юрысты завода. Прашу кампенсаваць маральную шкоду. Я зведаў стрэс ад таго, што адбываецца на прахадной, ад незаконнага звальнення. Мае блізкія — маці, бацька, жонка — вельмі перажывалі. Чым можна вымераць іх перажыванні?", — кажа Богуш.
«Раніцай 26 кастрычніка я ішоў на працу. Людзі ў форме зацягнулі мяне ў аўтобус, нецэнзурна лаяліся: „Ідзі, скаціна, на працу“. Выпусцілі з аўтобуса і загналі на тэрыторыю прадпрыемства», — кажа зваршчык вытворчасці капралактаму Юрый Барыс.
«Лічу, што наймальнік не забяспечыў бяспеку работнікаў. Пасля гэтага я 27 чысла напісаў заяву аб далучэнні да стачкі. Баяўся, што на наступны дзень таксама будзе дубасіць АМАП. Палец зламаюць, а я зваршчык, працаваць не змагу. Са мной паступілі як з аднавокім кацянём, ад якога гаспадар вырашыў хутчэй пазбавіцца».
Чытайце таксама: «Звальнялі выхаднымі і падчас бальнічных». 13 звольненых рабочых падалі ў суд на «Гродна Азот«
«Наймальнік парушыў калектыўны дагавор і тарыфнае пагадненне, не выконваў працэдуру звальнення, не ўзяў з работнікаў тлумачэнняў, не атрымаў згоду прафсаюза на звальненне», — кажа юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу Аляксандр Парадкаў. Ён прадстаўляе ў судзе інтарэсы звольненых азотаўцаў.
Раней патрабаванне аб узгадненні звальнення з прафсаюзам было запісана ў калектыўным дагаворы. З сакавіка гэты пункт з дакумента выключаны. Патрабаванне ўзгадняць звальненні з прафсаюзам ёсць у «тарыфным пагадненні» канцэрна «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Гродна Азот».
Прадстаўнік наймальніка, юрыст Валер Літвін, лічыць, што паводле дзеючай на прадпрыемстве калектыўнай дамовы згоды прафсаюза на звальненне не патрабуецца. «Усе работнікі парушылі правілы ўнутранага працоўнага распарадку і былі звольненыя на законных падставах».
Каб разабрацца, ці апраўдана звальненне работнікаў без згоды прафсаюза, Аляксандр Парадкаў прапанаваў выклікаць у суд старшыняў прафкамаў «афіцыйнага» і «незалежнага» прафсаюзаў «Гродна Азот». Наступнае пасяджэнне адбудзецца 22 студзеня.
Чытайце таксама: Колькі работнікаў «Гродна Азот» выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу
Раніцай каля прахадной сабралася каля 200 чалавек. У 7:30 раніцы сілавікі ў балаклавах пачалі затрымліваць работнікаў. У аўтобусах затрыманых збівалі, у тым ліку дубінкамі. Казалі: «Што, сукі? Працаваць не хочаце?!» Усяго затрымалі больш за 50 чалавек. Многіх выпусцілі ў той жа дзень. На іх склалі пратаколы апытання і затрымання.
Пасля гэтага тэхналагічны персанал цэхаў аміяк-3 і карбамід-4 адмовіўся прымаць змену. Працаўнікі сталі далучацца да стачцы. Адміністрацыя звольніла некалькі дзясяткаў працаўнікоў. Афіцыйныя фармулёўкі - за прагул ці за прычыненне прадпрыемству шкоды.
Аспрэчваюць рашэнне ў судзе 13 чалавек. Узрост звольненых ад 25 да 48 гадоў.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…