Падрабязны макет каралеўскай рэзідэнцыі Аўгустова з’явіўся ў пачатку студзеня ў краязнаўчым музеі гродзенскай гімназіі № 4. Макет некалькі месяцаў ствараў інжынер Ігар Адасік.
Цяжка ўявіць, як некалі выглядала Аўгустова — рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай, што знаходзілася на сённяшняй вуліцы Рэпіна ў Гродне. Пра яе да нас дайшло няшмат інфармацыі. Але гады пошукаў далі краязнаўцам і гісторыкам магчымасць не толькі «адбудаваць» сядзібу ў паменшаным выглядзе, але і знайсці яе апошніх уладальнікаў.
Краязнаўчы музей у гімназіі № 4 быў адкрыты ў 2009 годзе. Да гэтага некалькі гадоў для яго збіралі экспанаты і інфармацыю. Трапіць туды не складана: трэба толькі звярнуцца ў школу.
Некалькі гадоў таму ў гімназіі ўжо зрабілі больш просты макет сядзібы пры падтрымцы Цэнтра краязнаўства і турызму. У 2017 годзе за вялікі макет узяўся інжынер Ігар Адасік у якога ў гімназіі вучыцца дачка. Ён мае вялікі досвед у стварэнні макетаў.
«Хацелі менавіта макет на другую палову 18 стагоддзя, калі стваралася каралеўская рэзідэнцыя», — дадае Вольга Грамыка.
Усё лета Ігар Адасік скрупулёзна вывучаў сабраную дакументацыю па рэзідэнцыі Аўгустова. Па нешматлікіх малюнках і фатаграфіях яму давялося ствараць цэлы комплекс. Спачатку ён старанна прамалёўваў усё на камп’ютары, а пасля стварыў пробныя макеты. Потым прыйшоў час фінальнай версіі. Яе маштаб — 1/100.
«У працы Ігара выканана ўсё да драбнюткіх дэталяў. Усё, што мог знайсці дакладна, ён увасобіў, а чаго не хапала — давялося крыху дадумваць. Для нас важна было паказаць не толькі сядзібу і іншыя будынкі, але і парк, які там быў. Важна, каб дзеці маглі паглядзець, што такое французскі (рэгулярны) парк, а што такое англійскі (пейзажны) парк».
Макет яшчэ дарабляецца, тлумачыць Ігар. Асноўная складанасць для яго — недахоп інфармацыі. «Ніякіх чарцяжоў у мяне не было, а толькі малюнак і фатаграфіі. Але і так атрымалася нешта зрабіць, нават колер вызначыць», — кажа Ігар. Ствараючы гэты макет, ён думаў ужо і пра іншыя каралеўскія рэзідэнцыі. Але працэс стварэння такіх макетаў вельмі доўгі: выдаткаваць яшчэ два гады на падобную працу ён пакуль не гатовы.
Ігар Адасік вядомы як стваральнік серыі папяровых мадэляў беларускі замкаў — і тых, што яшчэ існуюць, і тых, ад якіх нават руін не засталося. З 2012 года ён стварыў мадэлі 16 гістарычных будынкаў - і не толькі замкаў, але і цэркваў, тыповага млына-ветрака і нават Нацыянальнай бібліятэкі. Таму досвед у мадэляванні ў яго вельмі багаты.
Вуліца Рэпіна сёння забудаваная сучаснымі дамамі. Раскопкі калісьці вяліся, але археолагам нічога не ўдалося знайсці. На думку Вольгі Грамыка, раскопкі праводзілі не ў тым месцы.
Недалёка ад рэзідэнцыі караля была пабудавана карчма, якая захавалася да нашых дзён. Многія сёння памылкова лічаць яе часткай рэзідэнцыі 18 стагодзя. Але насамрэч яна не ўваходзіла ў той комплекс. Таму ў макет яна не патрапіла. Карчма была часткай маёнтка і комплексу Аўгустова пры дэ Ласі (разам з капліцай, якая таксама захавалася).
Аўгустова было адной з трох гродзенскіх рэзідэнцый Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 18 стагоддзі ўсе яны знаходзіліся за горадам, а сёння ўжо ў межах Гродна. Будынкі палацаў у Панямуні і Станіславова захаваліся.
“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…
З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…