Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з глыбіні стагоддзяў. Гэты бронзавы сасуд у форме вершніка на кані датуецца XIII стагоддзем і сёння з’яўляецца часткай экспазіцыі Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Гісторыя гэтага прадмета звязана з драматычнымі падзеямі мінулага і, магчыма, імем гродзенскага кашталяна Давыда Гарадзенскага, піша гістарычны канал Hrodna 11:27.
Што такое акваманіл?
Акваманілы (ці вадалеі або вадалівы) у Сярэднявеччы служылі для абмывання рук падчас літургіі. Такія сасуды часта выраблялі ў арыгінальных формах, напрыклад жывёл або людзей. Так, з аднаго боку, дэманстравалася высокае майстэрства тагачасных рамеснікаў, а з іншага — багацце заказчыка.
Каложскі вадаліў уяўляе сабой бронзавую фігуру вершніка на кані. Адной рукой воін трымае павады, а другой нібы спрабуе дастаць меч, які, на жаль, не захаваўся. Зрэшты, галаву вершнік таксама недзе страціў. Асаблівасцю гэтага акваманіла з’яўляецца механізм падачы вады: яна налівалася праз адтуліну паміж вушамі каня і выцякала з яго рота.
Акваманіл з Каложы — трафей Давыда Гарадзенскага?
Існуе версія, што гэты артэфакт мог быць трафеем, атрыманым падчас аднаго з рэйдаў Давыда Гарадзенскага на тэрыторыю крыжакоў. У «Хроніцы зямлі Прускай» Пятра з Дусбурга апісваюцца драматычныя падзеі, калі Давыд са сваёй арміяй знішчаў ворагаў у ваколіцах Франкфурта. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што гродзенскі акваманіл быў прывезены адтуль у Гродна як трафей — такую версію расказваюць у самім Музеі гісторыі рэлігіі. Яе пацвярджаюць двайныя зігзагі на вупражы каня — характэрны матыў гравіроўкі на аналагічных паўночнагерманскіх вадалівах XIII стагоддзя.
Чытайце таксама:
- Давыд Гарадзенскі. 5 фактаў пра гарадзенскага старасту які не атрымаў ніводнай паразы ад крыжакоў
- Давыд Гарадзенскі: што ведаем насамрэч і што прыдумалі «ўдзячныя нашчадкі» пра героя, якому хочуць паставіць помнік
Вярнуўся ў Гродна дзякуючы Карпюку
Лёс Каложскага вадалея быў цікавы. У XIX стагоддзі акваманіл апынуўся ў Вільні і трапіў у рукі навукоўцаў: і менавіта тады традыцыя замацавала яго менавіта з Каложай.
«Здесь же (у Віленскім музеі старажытнасцей графа Тышкевіча) хранятся переданные… из Коложской церкви: бронзовый ляварий, в виде всадника, медный таз, такая же кружка и оловянная кружка с изображением Распятия на крышке и Богоматери на дне», — сцвярджаў у сярэдзіне 1890-х гадоў даследчык царквы прафесар Пакроўскі ў «Археологической карте Гродненской губернии».
У савецкія часы артэфакт трапіў у запаснікі Інстытута гісторыі Літвы, дзе правёў каля сорак гадоў. Толькі дзякуючы намаганням Аляксея Карпюка, які на той момант быў дырэктарам музея, акваманіл вярнуўся ў Гродна і стаў часткай музейнай калекцыі.
Сімвал мінулага
Каложскі вадаліў — адзіны сярэднявечны прадмет з Каложскай царквы, які цудам ацалеў і дайшоў да нашых часоў пасля стагоддзяў войнаў і разбурэнняў. Сёння Каложскі вадаліў займае пачэснае месца ў экспазіцыі музея і прыцягвае ўвагу як мясцовых жыхароў, так і турыстаў. Гэта не проста старадаўні прадмет — гэта сведка гісторыі горада, помнік эпохі князя Давыда, які нагадвае пра слаўнае мінулае Гродна
Калі вы яшчэ не бачылі гэты артэфакт на ўласныя вочы, абавязкова завітайце ў Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі!