На Марш Недармаедаў у Гродне 15 сакавіка выйшлі адзінкі студэнтаў. Гэта не дзіўна, улічваючы запалохванне адміністрацыяй і страх перад магчымымі праблемамі. Студэнты, якія выйшлі, далёкія ад палітычных структур, параўноўваюць Дэкрэт № 3 да паншчыны і аброку ды непакояцца пра сваю будучыню.
Запалохать мяне спрабавала толькі мама. Я не баюся магчымых рэпрэсій, бо хавалася ад камер і спрабавала схаваць твар шалікам. Я студэнтка завочнай формы, таму мая матывацыя ўдзелу зразумелая, бо студэнты завочнай формы навучання — таксама ўтрыманцы.
Удзельнічаю ў акцыях пратэсту ўпершыню, далёкая ад вялікіх палітычных сілаў у краіне і не маю стасункаў ні з якімі апазіцыйнымі плынямі.
[irp posts="15 834″ name="Анлайн: Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту № 3 прайшла ў Гродне. Ёсць затрыманыя"]
Я прыйшла на марш, бо я супраць Дэкрэта № 3, пенсійнай рэформы, падатку на аўтарскае права з носьбітаў і некаторых іншых рэчаў. Паколькі ў нас дэмакратыя з экранаў, хацелася выказаць сваё пратэстнае меркаванне. Сваёй прысутнасцю я дамагалася выключна масавасці ў асобе +1. Выступаць і прыцягваць да сябе ўвагу не планавала. Нічога не было чуваць. Нават калі рупар узялі, чуваць было часткова, і практычна нічога не было зразумела.
Я сышла не дачакаўшыся канца, бо была не згодна з ходам маршу. Мне было незразумела, чаму людзі, што выступалі быццам бы ад народу, адмаўляліся ісці ў гарвыканкам. Жанчына, якая выйшла да народу [Зоя Кулеша, замстаршыні гарвыканкама — рэд.], мне здалася адэкватнай, я за перамовы, а самаабвешчаныя прадстаўнікі мітынгуючых адмовіліся весці размову, бо трох гродзенцаў пасадзілі. Але тое, што яна не валодае ўладай адмяняць прысуды суда, нікога, чамусьці, не збянтэжыла.
Склалася меркаванне, што ім абы пакрычаць на плошчы, а не існуючыя праблемы вырашыць. Таксама зразумела, што жанчына, хоць і прадстаўнік улады, не мае кампетэнцый на адмену дэкрэта, які падпісаў прэзідэнт.
Таксама мне не падабаецца, што ў навінах пішуць, што было 800−1000 чалавек, хаця іх было не больш за 300. Усё ж такі перабольшванне заўважнае.
Мне пачало ўсё надакучваць. Мы студэнты, у нас ідзе практыка. Мы павінны бясплатна працаваць месяц. Я ўсё разумею, але два гады назад такога не было. Звычайна нам знаходзілі працу і хоць нешта плацілі. А зараз не. Размеркавання практычна няма.
Змены датычацца нашай будучыні. Мы не рабы, я не хачу працаваць бясплатна. Я жыву адна, шмат не патрабую. Я зараз нават не магу завесці сабаку, бо мне проста няма на што жыць. Апошнія дні я нават недаядаю, бо ў мяне няма грошай на ежу.
Чаму, калі наша кіраўніцтва касячыць, мы павінны адграбаць? Мая сяброўка не можа знайсці працу. Яна адпрацавала год пасля каледжу, потым сышла і зараз не можа знайсці працу, бо яе проста няма. Ёсць вакансіі, на якія бяруць пару дзён папрацаваць, а пасля бяруць іншага.
Улады краіны, знешні доўг якой толькі па афіцыйным падлікам складае 13,5 мільярдаў долараў, спрабуюць абвінаваціць у дармаедстве сваіх жа грамадзян. Так хто тут у рэшце рэшт дармаед? Рэч ідзе пра сацыяльнае шкодніцтва ў грамадных для Беларусі памерах. Калі ўлады ўвялі гэты падатак, яны вярнулі краіну на сотні гадоў назад, у часы, калі баршчына і аброк былі абавязковым атрыбутам любога селяніна. Не толькі ЕС, АБСЕ, але і ААН заяўляе пра прамое парушэне праў чалавека ў Беларусі, але ў вышэйшых кіруючых інстанцыях краіны не могуць гэтага ўбачыць.
Для гэтага людзі і выходзяць на вуліцы — каб іх заўважылі, каб убачылі тое бяспраўе, якое адбываецца. Людзей было б куды больш, каб іх заўважылі, каб не страх не дайсці потым дадому і быць упіхнутым у машыну без нумароў. Рэч ідзе пра некампетэнтнасць, немагчымасць ці нежаданне цвяроза ацаніць праблему. Ідзе толькі ліквідацыя наступстваў, а не ачагоў і прамых прычын іх узнікнення.
[irp posts="15 864″ name="Кот-дармаед паўдзельнічаў у акцыі пратэсту ў Гродне"]
Усе беларускія дзяржаўныя структуры, акрамя сістэмы аховы правапарадку, прыходзяць ва ўпадак. Гродзенскія ўстановы адукацыі - не выключэнне. Вучэбныя праграмы ўніверсітэтаў і каледжаў аддаюць перавагу падручнікам перыяду СССР і праграмам адукацыі, што даказалі некампетэнтнасць.
У выпадку рэпрэсій з боку адміністрацыі ўніверсітэту сама адміністрацыя і пацерпіць, бо выключэнне па палітычных перакананнях забаронена і не застанецца незаўважаным. Універсітэт пацвердзіў слушнасць студэнтаў, якія выйшлі на маршы тым, што паставіў 15 сакавіка дадатковыя заняткі. Я не жадаю патураць універсітэту, які прымушае падпісваць паперу аб неўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах у краіне, дзе канстытуцыя прадугледжвае і гарантуе адваротнае.
Дэкрэт аб папярэджванні сацыяльнага ўтрымальніцтва — толькі прычына, якія стала каталізатарам грамадскага незадавальнення, якое сабралася за 23 гады існуючай сістэмы. Канстытуцыя кажа: «Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоваў». Пра якое паляпшэнне можа ісці гаворка, калі рэальная сярэдняя зарплата ў Беларусі не перавышае 400 рублёў?
Я пайшоў на мітынг, бо хацеў паглядзець, чаму людзі прыйшлі, што імі кіруе. Бо мы бачым, што гэта не аднамомантавая акцыя, гэта хваляй, стыхійна прайшло па гарадах Беларусі. Я ўбачыў і пачуў, якія ў людзей патрабаванні. Паглядзеў, як мясцовая ўлада спрабуе на гэта рэагаваць, ці пайшоў нейкі дыялог. І як мясцовыя дэпутаты і мясцовыя кіраўнікі спрабуюць вырашыць гэта.
Студэнты выходзяць, бо іх могуць чакаць невясёлыя перспектывы: яны могуць не знайсці працу, атрымліваць не самую вялікую зарплату і сутыкнуцца з тым, што калісьці ім давядзецца стаць утрыманцамі. Наша студэнцкае самавыяўленне знаходзіцца ў зачаткавым стане. Можа быць, студэнты актывізуюцца. Зараз на плошчу выйшлі адзінкі.
[irp posts="15 915″ name="У Гродне асудзілі на 13 сутак удзельніка пратэсту недармаедаў Аляксандра Лаўрэнцьева"]
Я лічу, што студэнтаў трохі запалохваюць. Нам і навучэнцам у каледжах ставілі пары да вечара. Студэнты часта баяцца выказваць сваё меркаванне. У нас няма моцнага студэнцкага самакіравання. Калі будзе аказвацца такі ціск на студэнтаў, на ўніверсітэты, ні пра якое ўступленне ў Балонскі працэс не можа ісці і гаворкі [насамрэч, Беларусь у Балонскім працэсе 2015 года — рэд.]. Было шмат знаёмых, якія раілі туды не савацца, бо будуць вялікія праблемы, будуць адлічэнні. Тыя ж палякі гатовы забраць студэнтаў, якіх адлічылі па палітычных матывах.
Я ўсё ж чакаю папярэджання ці выкліка ў дэканат. Спадзяюся, да выключэння не дойдзе. Бо людзі не выходзілі на плошчу разбураць і ламаць. Тут трошкі іншае. Таму, спадзяюся, усё будзе мірна і цывілізавана. Але гатовы да таго, што будуць выклікаць, бо разумеў, куды я іду, з якой мэтай і якія могуць быць наступствы.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…