Дакументы на апастыль ад Міністэрства замежных справаў зараз можна падаць і ў Гродне, а таксама ва ўсіх іншых абласных цэнтрах Беларусі. Ад 2 траўня іх прымае пасярэднік — Нацыянальны цэнтр маркетынгу. Таксама туды можна звяртацца па консульскую легалізацыю дакументаў.

апосціль, дакумент
Дакумент. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Апастыль — міжнародны штамп, які пацвярджае законнасць дакумента. Практычна ўсе дакументы, якія патрабуюцца за мяжой, павінны быць перакладзены і легалізаваны. Прастаўленне апастыля спрашчае наданне юрыдычнай моцы дакументу.

Як цяпер падаць дакументы на апастыль?

У Гродне прымаць дакументы на апастыль ад Міністэрства замежных справаў будзе Гродзенскі філіял Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юктуры цэн. Ён размяшчаецца на вуліцы Тэлеграфнай, 5.

Дакументы прымаюць з панядзелка па пятніцу з 9:00 да 12:00. Перад падачай дакументаў трэба запісацца на прыём. Гэта можна зрабіць з панядзелка па чацвер з 17:00 да 18:00 па тэлефоне: +375 (152) 55 93 92.

Якія дакументы прымаюць на апастыль у Гродне?

  • Пасведчанні і спраўкі, якія выдаюць органы ЗАГСа і архівы ЗАГСаў (пасведчанні аб нараджэнні, спраўка аб адсутнасці запісаў акта аб заключэнні шлюбаў);
  • выпіскі з адзінага дзяржаўнага банка дадзеных аб правапарушэннях, якія выдаюць органы ўнутраных спраў;
  • спраўкі аб стане здароўя і выпіскі з медычных дакументаў, якія выдаюць установы аховы здароўя;
  • выпіскі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), якія выдае Міністэрства юстыцыі;
  • іншыя віды дакументы, магчымасць прастаўлення апастыля на якія акрэсліваюць пры разглядзе дакумента.

Як атрымаць апастыль на іншыя дакументы?

Каб атрымаць апастыль на дакументы, якія сыходзяць з установаў адукацыі, трэба звяртацца ў Міністэрства адукацыі (Дэпартамент кантролю якасці адукацыі ў Мінску, вул. Казлова, 28, каб.201). Калі гэта дакументы з дзяржаўных архіваў Беларусі, то звяртацца трэба ў Дэпартамент па архівах і справавытворчасці Міністэрства юстыцыі (Мінск, вул. Калектарная, 10). Для ўсіх іншых дакументаў - у Галоўнае конскульскае упраўленне Міністэрства замежных спраў (Мінск, вул. К.Маркса, 37а).

Раней па апастыль трэба было ехаць у Мінск

У красавіку 2022 года Міністэрства замежных справаў увяло папярэдні запіс на атрыманне апастыля. Запісацца на працэдуру можна было толькі ў Мінску, у журнале запісу на прыём. Ён знаходзіўся на посце аховы ў Галоўным консульскім упраўленні МЗС.

Тады ж у 10 разоў вырасла цана дзяржпошліны за прастаўленне апастыля. Да 22 сакавіка 2022 года цана за працэдуру складала 16 рублёў. Пасля 22 сакавіка павысілася да 5 базавых велічынь — па стане на травень 2023 гэта 185 рублёў.

Колькі трэба заплаціць за апастыль цяпер і як гэта зрабіць

Працэдуру па прастаўленні апастыля робяць за адзін дзень ад дня падачы дакумента. Але пры неабходнасці правесці спецыяльную праверку, запытаць звесткі ад іншых дзяржаўных органаў ці іншых арганізацый, час можа падоўжыцца да 15 дзён. За апастыль трэба заплаціць пяць базавых велічынь (185 рублёў). Яшчэ 90 рублёў каштуюць пасярэдніцкія паслугі Нацыянальнага цэнтра маркетынгу. Аплату трэба рабіць у дзень падачы дакумента.

Аплаціць можна праз АРІП: Адміністрацыйныя працэдуры, дзяржпошліна, зборы — МЗС — Консульскі збор — Легалізацыя дакумента — у полі «Нумар квітанцыі» трэба ўвесці нумар квітанцыі, якую выдалі ў МЗС — націснуць «ІНФА» і ўвесці прозвішча, імя і імя па-бацьку — у полі «Сума» трэба ўвесці суму, якая будзе пазначана ў квітанцыі - націснуць «Аплаціць».