Гісторыя першай гродзенскай фотамадэлі Антаніны Самсонавай дзесяцігоддзі была амаль забытай. Яе, можна сказаць, адкрыў руплівы даследчык гісторыі Гродна Аляксандр Сявенка. Таму мы не маглі абысці яе ў нашым цыкле пра знакамітых жанчын горада.

Сям’я любіла Парыж

Нарадзілася будучая фотамадэль 7 мая 1876 г. у Санкт-Пецярбургу. Яе бацька Яўфім Грачоў быў вядомым селекцыянерам. Ён вынайшаў некаторыя сарты бульбы, капусты, морквы, буракоў, кукурузы і іншай гародніны. Грачоў быў сябрам Парыжскай акадэміі сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю. Апроч таго, ён з’яўляўся спадчыным ганаровым грамадзянінам Санкт-Пецярбурга. Сям’я Грачовых шмат вандравала. Часта яны бывалі ў Парыжы, які з’яўляўся адным з любімых іх гарадоў.

Як піша Аляксандр Сявенка, нядзіўна, што дзяўчына выбрала для навучання Парыжскую акадэмію мастацтваў. У гэтай прэстыжнай установе магчыма было атрымаць веды ў сферы выяўленчага мастацтва, скульптуры, музыкі.

Першая стваральніца дызайнерскай вопраткі ў Гродне

Пасля заканчэння вучобы Антаніна выйшла замуж за афіцэра царскай арміі Івана Самсонава. У хуткім часе Самсонава накіравалі на службу ў Гродна. Так Антаніна патрапіла ў наш горад.

Антаніна Самсонава: першая гродзенская фотамадэль

У Гродне Антаніна Самсонава распачала актыўную творчую і адначасова прадпрымальніцкую дзейнасць. Яна займалася дызайнам і пашывам жаночай вопраткі, таксама працавала фотамадэлью, рэкламавала прадыкцую замежных фірмаў.

У Гродне пачатку ХХ ст. было досыць шмат заможных жанчын — тое былі галоўным чынам жонкі багатых прадпрымальнікаў, царскіх афіцэраў і чыноўнікаў. Усе яны маглі дазволіць сабе набыць дарагую, як бы сказалі цяпер «дызайнерскую» вопратку, і Антаніна Самсонава мела дастатковую кольскаць замоваў, магла творча эксперыментаваць. Напрыклад, вядомы фотаздымак, дзе Антаніна Самсонава ў стылізаванай пад бутэльку сукенцы рэкламуе французскае шампанскае.

Жыла спачатку на Фолюшы, а потым у Новым свеце

Самсонавы з’яўляліся ўладальнікамі загараднага маёнтка Фолюш, які яны выкупілі ў О’Брыенаў дэ Ласі. На беразе ракі Ласасянкі знаходзіўся іх двухпавярховы дом. У 1913 г. ваеннае ведамства выкупіла маёнтак у Самсонавых для размяшчэння войск будучай Гродзенскай крэпасці, якая будавалася вакол горада і з гэтага пачалася гісторыя ваеннага гарадка на Фолюшы, якая працягваецца да цяперашняга дня.

Падчас Першай сусветнай вайны Антаніна Самсонава скончыла курсы медыцынскіх сясцёр і працавала ў добраахвотным санітарным атрадзе Гродзенскай крэпасці. З набліжэннем фронта, летам 1915 г. сям’я Самсонавых эвакуявалася ў Пскоў

Падчас рэвалюцыйных падзей вясны 1917 г. у Пскове быў забіты Іван Самсонаў. Антаніна вярнулася ў Гродна разам з дачкой Валянцінай.

Тут яна другі раз выйшла замуж за афіцэра Сяргея фон Гоерца. Жылі яны ў раёне Новы свет — на вуліцы Мядовай у драўляным будынку ў стылі канструктывізму. Фон Гоерц валодаў кіёскам, у якім гандлявалі тытунем, газетамі і цукеркамі. Антаніна ўтрымлівала атэлье па пашыву жаночых сукенак.

Антаніна Самсонава: першая гродзенская фотамадэль
Дом № 5. Тут жыла сям’я Самсонавых. Сённяшнія жыхары дома распавядаюць, што некалькі гадоў таму прыязджалі з Англіі ўнукі Самсонавай ды шукалі ў хаце нейкія рэчы, але так і не знайшлі. Кажуць, што ў садзе ля дома закапаны скарб з сямейнай рэліквіяй Самсонавых.

Фантастычныя рэаліі міжваеннага Гродна

Міжваенны Гродна быў вельмі цікавым горадам, можна нават скажаць крыху фантастычным. Пасля Першай Сусветнай вайны ён аказаўся ў даволі «глухім куце» міжваеннай Польскай дзяржавы. На ўсходзе была мяжа Савецкага Саюза, на поўначы — мяжа з Літвой, з якой тагачасная Польшча адкрыта варагавала.

Антаніна Самсонава: першая гродзенская фотамадэль

Аднак у самым Гродне сабраліся сотні, калі не тысячы людзей, якіх прыгнала сюды ваенная завіруха. Данскія казакі, расійскія манархісты і ўкраінскія актывісты, што ўцяклі сюды з бальшавіцкай Савецкай Расіі, азербайджанцы ды македонцы з разваленай вайной Асманскай Імперыі, немцы, літоўцы, грэкі… І гэта ў дадатак да «традыцыйных» у Гродне яўрэяў, беларусаў, палякаў, татараў… Кожны спрабаваў знайсці сваё месца ў «часовым свеце» міжваеннага Гродна, працаваў як мог і кім мог. Нехта змог і добра зарабіць, і закласці сям’ю, і збудаваць дом, а нехта дажываў амаль у галечы, чакаючы новага еўрапейскага апакаліпсісу.

За «першых саветаў» распрацоўвала этыкеткі і рэкламу

Анатаніна Самсонава працягвала займацца дызайнам жаночай вопраткі. Гродзенкі таго чаго любілі добра апрануцца, таму недахопу ў замовах яна не мела. У 1935 г. з прычыны хваробы памёр другі муж Антаніны.

У 1939 — 1941 гг. Антаніна Самсонава фон Гоерц працавала мастаком-інструктарам пры Гродзенскім гарпрамкамбінаце, дзе распрацоўвала макеты этыкетак і рэкламу мясцовай прадукцыі.

Падачас Другой сусветнай вайны Антаніна жыла ў Гродне, знаходзілася на ўтрыманні дачкі.

Памерла забытая і ў поўнай галечы

Антаніна Самсонава: першая гродзенская фотамадэль

Пасля вайны яна працавала загадчыцай мастацкай майстэрні ў Гродне. Але ў хуткім часе Антаніну арыштавалі, памылкова палічыўшы яе жонкай генерала царскай арміі Аляксандра Самсонава, таго самага, які загінуў са сваёй арміяй ў лясах Усходняй Прусіі ў першыя ваенныя тыдні 1914 года. На той момант ёй было каля 70 гадоў. На волю Антаніна выйшла праз год і чатыры месяцы. Яе сваякі з’ехалі з горада за мяжу. Яна засталася адна з падарваным здароўем.

Памерла некалі знакамітая гродзенка Антаніна Самсонава ў поўнай галечы, забытая, у сваім драўляным доме, дзе за ёй захаваўся невялікі кут. Помнік на яе магіле на могілках па вуліцы Антонава нядаўна быў адноўлены.

Сёння сваякі першай гродзенскай фотамадэлі жывуць у Вялікабрытаніі.