Людзі ствараюць акаўнты не толькі для сабе, ці вядзення бізнесу, але і сваім жывёлам. Мы распыталі некаторых жыхароў нашага горада, навошта іх гадаванцам старонкі ў сацыяльнай сетцы.

Разумная прыгожая спартовая дварняга

Акаўнт smolich.elisia стовораны год таму. Сёння налічвае больш за 1500 падпісчыкаў. Гаспадыня называе сабе «чалавекам-марай, які заўжды ідзе да пастаўленай мэты». Свайго гадаванца — «разумнай прыгожай спартыўнай дварнягай».

www.instagram.com/p/BwCMb9tJg0v/?utm_source=ig_web_copy_link

Акаўнт ствараўся дзеля таго, каб сабаку пазнавалі і маглі запрасіць на якое-небудзь мерапрыемства.

У профіль гаспадыня заходзіць праз дзень, каб паглядзець на актыўнасць. Кажа, што ніколі не карысталася раскруткамі і не праплочвала рэкламу пастоў. Пры гэтым яна не выключае, што з часам будзе манетызаваць старонку свайго гадаванца. Але пакуль камерцыйных прапаноў не было.

Ціфані: каб дзяліцца радасцю

Гаспадыня Ціфані кажа, што інстаграм яе гадаванцу завяла дачка, якая вельмі любіць сабачку. Для гаспадароў Ціфані гэта сабачка, якая дорыць шмат радасці і добрага настрою. Ім захацелася падзяліцца радасцю з іншымі, таму і паўстаў гэты акаўнт.

www.instagram.com/p/BxKCZ6QgQba/

Сэрвісамі раскруткі ўласнікі акаўнта не карысталіся, пасты не праплачвалі і планаў манетызаваць старонку Ціфані ў іх таксама няма.

Мімімішны бізнесовец

Акаўнт Лені быў створаны ў верасні мінулага года і ўжо налічвае амаль 2500 падпісчыкаў. Гаспадыня кажа, што ідэя завесці асабісты акаўнт свайму гадаванцу прыйшла яшчэ раней. Свайго пёсіка яна лічыць вельмі «мімімішным», таму і пачала выкладваць фота Лені ў свой асабісты інстаграм. З часам такіх фота атрымлівалася ўсё больш, таму яна вырашыла завесці гадаванцу асабную старонку. Маўляў, людзі падпісваліся на мяне, а тут на фота больш сабакі.

Гаспадыня дадае, што цяпер модна развіваць асабісты брэнд. Калі можна развіваць брэнд чалавека, то чаму б не развіць брэнд гадаванца?

www.instagram.com/p/BxugyEEIuYg/

У шапцы акаўнта пазначана, што Лені - бізнесовец.

Пакуль ён нічога не зарабляе, але гаспадыня не выключае, што ў будучыні ў яе атрымаецца манетызаваць акаўнт. «Такія думкі прыходзяць у галаву, калі ты бачыш іншых жывёл на ўпакоўках заатавараў ці на калі гартаеш інстаграм, а там у сабак па мільёне падпісчыкаў і яны рэкламуюць розныя тавары».

Рэкламу Лені пакуль не прапануюць. Гаспадыня кажа, ў Беларусі гэта пакуль не развіта. Але гродзенскага тойтэр’ера ўжо заўважылі ў ЗША. «Мне прапанавалі набыць адзенне са зніжкай, з умовай таго, што я буду пазначаць іх краму».

На развіццё старонкі сыходзіць ад 2 да 4 гадзін у дзень. Сервісамі па раскрутцы не карыстаюцца. Гаспадыня кажа, што некалькі разоў праплочвала пасты, але вынік не задаволіў, таму ад гэтага адмовілася

Ведаеце яшчэ жывёл з Гродна, якія маюць інстаграм? У вашага гадаванца ёсць акаўнт? Напішыце ў каментарыях!

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life