«Я нарадзілася ў Варшаве, а зараз ужо 30 гадоў жыву ў Берліне, — распавядае Агата Левандоўскі, — але заўсёды кажу, што адчуваю сябе гарадзенкай. Усё таму, што мяне выхоўвала мая бабуля Тэафілія, каторая была родам з Гродна».
Пра гісторыў сям'і і свой уласны досвед знаёмства з Гродна польская журналістка і рэжысёрка Агата Левандоўскі расказала для канала «Тётя Ира Разрешила».
Ніхто не ведае дакладна, калі бабуля нарадзілася — усе дакументы былі знішчаны. Падобна, што яна адняла сабе трохі гадоў. У паваенных дакументах годам нараджэння пазначаны 1897.
Мая гродзенская бабуля, як многія маладыя жанчыны ў той час, мусіла працаваць, каб забяспечыць сябе і дапамагчы сям'і. Яна была санітаркаю падчас вайны і працавала ў адным са шпіталяў пад Варшавай. Туды ж параненым салдатам патрапіў і мой будучы дзядуля. Санітарка Тэафілія так клапатліва яго даглядала, што атрымала прапанову пабрацца шлюбам.
Яны ажаніліся і засталіся ў Варшаве — якраз пасярэдзіне паміж бабуліным родным Гродна і дзядулевым родным Познанем.
Чытайце яшчэ: Акупацыя ці вызваленне? Што было ў Гродне ў верасні 1939 года: успаміны сведкаў
У Варшаве бабуля з дзядулем заснавалі ўласнае архітэктурнае бюро. Думаю, што ім добра жылося. Магу так меркаваць па здымках з іх сямейнага альбома, каторы, на жаль, зараз страчаны. Там былі даваенныя фота бабулі з дзядулем пад ручку на Новым Свеце ў Варшаве. У іх так было заведзена, каб у нядзелю хадзіць у цукерню.
З расповедаў бабулі я ведаю, што яна мела памочніцу па доме і што да яе прыходзіла майстарка, каб рабіць манікюр. Можа бабуліна сям’я не была найбагацейшай у горадзе, але, напэўна, яны не жылі ў нястачы.
Адзінае, чаго ім не хапала — дзіцяці. Вельмі доўга бабуля не магла зацяжарыць. Толькі ва ўзросце 40 гадоў яна нарадзіла майго тату. Ён быў хваравітым дзіцём, то ўся сям’я малілася, каб ён жыў. Адзін са святых, пра якога кажуць, што ён вельмі хутка даносіць людскія просьбы да нябёсаў, гэта святы Экспедыт. То майго тату назвалі Мечыслаў Экспедыт.
З таго, што чула пра даваеннае жыццё, былі бабуліны расповеды пра летні адпачынак. Яна з сынам штогод выязджала на лецішча пад Варшавай. А дзядуля, калі прыязджаў да іх на выхадныя, заўсёды прывозіў для малога кошык апельсінаў.
У 1970-х, якія выпалі на маё дзяцінства, купіць апельсіны было амаль немагчыма і дорага. Але бабуля неяк ашчаджала, знаходзіла нейкія грошы, каб купіць мне, сваёй Агатцы, хаця б адзін апельсінчык. Так, як гэта рабілі ў сям'і перад вайной для свайго сына.
Я таксама была адзіным дзіцём у сям'і і адзінай доўгачаканай бабулінай унучкай. Тыя любоў і сардэчнасць, што яна мне перадала — найлепшае, што я магла атрымаць у жыцці, каб потым самой стаць маці. Гэта бабуліна любоў назаўжды звязала мяне з Гроднам.
Чытайце яшчэ: Смачная гісторыя: як усходнія слодычы з Гродна перамагалі на выставах у Францыі
Падчас вайны бабуля і дзядуля ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстанні. Дзядуля ў тых баях загінуў, бабуля з сынам ацалелі і ўцяклі з горада. Па сканчэнні вайны вырашылі вяртацца «на старыя смецці», да Варшавы. Прыехалі дакладна ў той самы раён горада. Але не ў вялікі дом, што мела сям’я раней. Бабулі параілі знайсці больш сціплае жытло, каб не патрапіць пад рэпрэсіі як «буржуям». Яна заняла пакой з кухняй у адным з суседніх дамоў, што засталіся без гаспадароў. Спадзявалася, што ў такім выпадку яе не будуць чапаць. Але хутка іх «ушчыльнілі» і падсялілі яшчэ аднаго чалавека, імаверна са службы бяспекі, каторы прыглядаў за жыхарамі.
Чытайце яшчэ: Сенной рынок, выселение из дома, комендантский час: воспоминания гродненки с улицы Мулярской
Аднаго разу, калі дзеці вучыліся ў пачатковай школе [прыкладна сярэдзіна 1990-х], мы сям’ёй адпачывалі на моры. І раптам мне захацелася да Гродна. То сабраліся і паехалі.
На польска-беларускай мяжы наша машына была адзінай, што кіравалася ў бок Беларусі. Мы былі на нямецкіх нумарах, з двума малымі дзецьмі, з рознымі цацкамі і пакункамі, бо вярталіся з адпачынку на моры. Польскі памежнік не мог на нас надзівіцца
«Што вы робіце, туды ж ніхто не ездзіць! — казаў ён. — Вяртайцеся назад, я вас прапушчу». Але я адказала: «Не! Мы едзем на Гродна».
У Гродне ўсе людзі падаліся мне вельмі сардэчнымі. Я стаяла на галоўным пляцу горада [Савецкая плошча — заўв. рэд.] і не магла наглядзецца. Тут быў яшчэ глыбокі Савецкі Саюз. Ездзілі старыя тралейбусы. Падавалася, яны могуць рассыпацца на вачах. А людзі навокал нібы свяціліся чысцінёй, былі апрануты ў прыгожыя строі. Бачна было, што яны змаглі захаваць годнасць у гэтым балагане.
Памятаю, калі збіраліся ў зваротны шлях, я хацела набыць дзецям сок. То мяне вельмі здзівіла, што ён каштаваў даражэй, чым гарэлка. Для мяне, якая прыехала з Польшчы і ўжо жыла ў Германіі, гэта было абсалютна шокам.
Як мы даехалі да мяжы, аказалася, хто чарга на ўезд у Польшчу такая, што трэба стаяць два дні. І навокал няма ніводнай крамы, ніякіх зручнасцяў, нічога няма. У чарзе стаялі людзі, што ехалі на нейкі гандаль. Я паспрабавала пагаварыць з памежнікам — маўляў, дзеці, на працу праз дзень — але нас усё роўна не прапусцілі. У роспачы мы сталі ў канец той калейкі. Я магла ўжо толькі маліцца.
Выратаваў выпадак. Сын, як бывае з малымі дзецьмі, раскалупаў нейкую больку ў носе і пайшла кроў. Сынку кажу, трымай хустачку. А сама на газ і пад’язджаю да пагранічніка. Кажу бачыш — кроў у дзіцяці ідзе. То ён хутка адкрыў шлагбаум і мы праехалі. Ведаю, што гэта смешная гісторыя, але так было.
Другі раз была ў Гродне адна, у 2019 годзе. Тады я пайшла на старыя могілкі - хадзіла паміж магіл у надзеі знайсці пахаванні некага са сваіх продкаў. Не знайшла. Але гэтыя могілкі выклікалі ўва мне вельмі глыбокія перажыванні. Пра пошук сваіх каранёў, усведамленне, кім ты ёсць. Я нікога з родных не знайшла, але было адчуванне, што спаткалася з імі.
Чытайце яшчэ:
На экскурсіі па горадзе нам распавялі, што вуліца Замкавая ў цэнтры Гродна засталася амаль некранутай, што яна выглядае, як і 200 гадоў таму. Я пайшла на тую вуліцу, села за столікам пры кавярні і ўявіла сабе, як мая бабуля, яшчэ перад тым, як пакінула Гродна, хадзіла тут і на ўсё гэта глядзела. Я думала: «Бабулечка, я зараз пазіраю на тое, на што ты пазірала дзяўчынаю». Гэта было моцнае, неперадавальнае ўзрушэнне.
На адной з сустрэчаў падчас фестывалю быў калега з Гродна. Ён усё да мяне прыглядаўся, а потым і кажа:
«Я ведаю, што ты з Берліна. Але ты вельмі падобная да маёй жонкі і ты такая ж прыгожая, як гродзенскія дзяўчаты».
Вельмі шчыра дзякавала яму за тыя словы. Расказала, што стараннямі маёй бабулі і праўда так сябе адчуваю. Я — гарадзенка, бо такой мяне бабуля выхавала.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…