Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з «моцнай грамадзянскай пазіцыяй», дзеці спаборнічаюць у лепшым выкананні гімна, а Генпракуратура друкуе свае падручнікі. Рэдакцыя Hrodna.life разабралася, як змянілася сфера адукацыі пасля 2020 года.
Акрамя ўрокаў у школе ёсць класныя і інфармацыйныя гадзіны, розныя мерапрыемствы і актыўны шосты дзень. У апошні час яны ўсё часцей зводзяцца да адной тэмы — патрыятызму.
Яшчэ да 2020 года першага верасня былі класныя гадзіны з назвай «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Але зараз з’явіліся і іншыя напрамкі.
На сайтах школ ёсць справаздачы па ўроках на падобныя тэмы. Напрыклад, у Ваўкавыску ў 2023 годзе праводзілі класную гадзіну «з мэтай фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і станоўчых адносін да Узброеных сіл», а ў 2024 годзе па ўсёй краіне абмяркоўвалі з вучнямі выбарчае права. Вынік уроку ва ўсіх класах быў прыкладны аднолькавы: «Кожны грамадзянін павінен гэтым правам скарыстацца».
Хадзіць на выбары — права, не абавязак. Людзі могуць не ісці на выбары ці нават скарыстацца сваім правам на байкот.
Ёсць яшчэ шмат назваў для патрыятычных урокаў: «Мая Радзіма — Беларусь», «Гонар за Радзіму», «Што я магу зрабіць для Радзімы?» і г. д. Ва ўсіх прапісаная аднолькавая мэта на кожным школьным сайце: фарміраваць пачуццё любові і павагі да сваёй Радзімы.
Акрамя такіх урокаў, цяпер у метадычным лісце на сайце Міністэрства адукацыі настаўнікам раяць кожны месяц праводзіць інфармацыйныя гадзіны на тэму генацыду беларусаў у часы Вялікай Айчыннай вайны.
-Так, зараз асноўны фокус ідзе на ідэалагічнае выхаванне. Я не заўсёды паспяваю падрыхтаваць матэрыял для асноўных урокаў, таму што шмат патрыятычных мерапрыемстваў трэба арганізаваць, — прызнаецца настаўнік адной з беларускіх школ на бацькоўскім сходзе.
Яшчэ да 2020-га ў некаторых школах былі класы такога напрамку. Але зараз іх становіцца больш. «Ваенна-патрыятычны клас павінен з’явіцца да канца навучальнага года ў кожнай школе,» — паведамляе Мінадукацыі ў кастрычніку 2023-га.
-Сёння існуе 155 ваенна-патрыятычных класаў. І 62 ваенна-патрыятычных клубаў. Гэта больш за 1700 навучэнцаў, — паведамляе БелТА начальнік другога аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Ігнацік.
Для такіх класаў праводзяць бясплатныя экскурсіі ў музеі ВАВ і да мемарыяльных помнікаў. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычных мерапрыемствах і дзяржаўных святах. Сустракаюцца з ветэранамі.
Таксама зараз будуецца Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.
У 2023-м годзе абнавілі спіс аб’ектаў, рэкамендаваных для наведвання школьнікам з экскурсіямі. Туды ўвайшло шмат помнікаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной і так званым генацыдам беларускага народа. Сярод іх Лінія Сталіна, мемарыяльны комплекс Хатынь, Трасцянец. У метадычных рэкамендацыях на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства пазначана, што перыядычнасць абавязковага наведвання навучэнцамі экскурсійных аб’ектаў - раз у паўгоддзе.
У 2024−2025 годзе ў 10-класнікаў з’явіўся новы прадмет «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Ён замяняе «Гісторыю Беларусі» і «Сусветную гісторыю». Спецыяльна для гэтага прадмета выдалі новы падручнік.
З’явілася яшчэ адна серыя новых падручнікаў «Генацыд беларускага народу ў гады ВАВ». Яна складаецца з трох кніжак — для вучняў 1−4, 5−9 і 10−11 класаў. Але іх матэрыял уводзяць у асноўныя ўрокі гісторыі ці факультатывы. Як асобны прадмет такая дысцыпліна не выкладаецца.
Падручнікі складалі не гісторыкі ці настаўнікі, а супрацоўнікі Генпракуратуры, расказаў акадэмічны дырэктар Беларускага Інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі на прэзентацыі аналітычнага даклада «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі». У матэрыялах няма прафесійнага меркавання або крытыкі, а некаторыя дадзеныя не суадносяцца з гістарычнымі даследаваннямі ці нават іншымі падручнікамі. Напрыклад, Трасцянец называюць лагерам смерці, калі на самой справе ён быў працоўным лагерам. Узгадваюцца і пратэсты 2020-га. Кажуць, што на іх карысталіся не толькі нацысцкімі лозунгамі, але і нацысцкімі дзеяннямі таксама.
-Паўстае пытанне, як выкладаць па гэтых падручніках. Але Генпракуратуру гэта не цікавіць — яны не маюць настаўніцкай адукацыі. Вы ўяўляеце сабе, як дзеці ў першым класе, якія толькі вучацца чытаць, адрэагуюць на расповед пра масавыя забойствы? — заўважае Аляксей Ластоўскі.
Для старшакласнікаў цяпер ёсць новы абавязковы факультатыў, на якім сур’ёзная ўвага адводзіцца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу савецкага народа. Яго выкладаюць «з мэтай узрошчвання патрыятызму і гонару за сваю краіну». Самі ж дзеці паміж сабой гэты прадмет клічуць «ВОВчык».
Раней у школы запрашалі прадстаўнікоў розных прафесій, выпускнікоў, якія чагосьці дасягнулі, пісьменнікаў і музыкаў. Цяпер як спецыяльных гасцей на лінейкі і класныя гадзіны запрашаюць актывістаў, супрацоўнікаў сілавых структур і дзяржаўных медыя. Напрыклад, у гэтым годзе тэлежурналістка Ксенія Лебедзева наведвала школьны лагер «Сузор'е», а ў Мінску дырэктар нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін размаўляў са школьнікамі пра генацыд.
На ўсіх урачыстых лінейках цяпер выносяць ці падымаюць сцяг. Гэтага патрабуе загад Міністра адукацыі № 368 ад 25 траўня 2022 «Аб удасканаленні працы па патрыятычным выхаванні». Такіх лінеек стала больш. У некаторых школах яны праходзяць у пачатку і канцы кожнай чвэрці. А на сайце Мінадукацыі ў метадычным лісце па ідэалагічнай і выхаваўчай працы на 2024−2025 вучэбны год просяць ажыццяўляць пастаянны кантроль за станам куткоў дзяржаўнай сімволікі.
У гэтым годзе на школьных сайтах з’явілася інфармацыя пра выбары-2025 і «Марафон адзінства». Мінадукацыі просіць папулярызаваць сярод вучняў парталы «канструктыўнага напрамку», як «ПАТРИОТ.BY», «Молодежь Беларуси», «Белорусская республиканская пионерская организация» і іншыя. А на свята «Дня адзінства» раюць арганізаваць прагляд фільма «На другом берегу», які распавядае пра цяжкае жыццё беларусаў у 1925 годзе пад Польшчай.
Чытайце таксама: Дзяцей у Гродне ставяць у СНС за палітычную актыўнасць бацькоў
Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працуем для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…
Новы будынак гандлёвага цэнтра на Вялікай Траецкай, 25 увялі ў эксплуатацыю ў 2024 годзе. Але…
Гродзенскае шлюбнае агенцтва "Гіменей" працуе больш за 30 гадоў. У апошні час фірме давялося канкураваць…
У 2020 годзе Vadimati з лайфстайл-блогера стаў яшчэ і палітычным. Гэта не ўзялося з ніадкуль:…
Гродзенскія ўлады пералічваюць чаек у горадзе і плануюць метады барацьбы, у Квасоўцы ідзе вайна з…
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 4 студзеня 2025 года ўзнагародзіў Ральфа Лорэна Прэзідэнцкім Медалём Свабоды за…