Горад

Ад Замкавай да Віленскай. Першы аўдыёгід для шпацыру па былым гета стварылі ў Гродне

Гродзенскія студэнты распрацавалі першы ў Гродне аўдыёгід для самастойнага гарадскога шпацыру. Гэта экскурсія па гета № 1. Каб яе прайсці, патрэбны толькі інтэрнэт: маршрут прывязаны да сучаснай карты горада, у кожнай кропцы можна праслухаць аўдыё пра гэтае месца і паглядзець тэматычныя фота. Гід стварылі, каб нагадаць пра злачынствы, якія не маюць тэрміну даўнасці, і расказаць гісторыю вуліц, якімі мы ходзім штодня.

Аўдыёгід «Арыенціры гета» распрацавалі студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы і медыцынскага ўніверсітэта ў межах міжнароднага праекта «Вымяраючы гета». Моладзь з Беларусі, Украіны і Малдовы вывучалі гісторыю гета ў сваіх гарадах і шукалі спосабы пазнаёміць з ёй землякоў. У Гродне ў час вайны было два гета, але пра другое вядома вельмі мала. З гета № 1 жа звязана шмат гісторый. Яго і абралі гродзенскія студэнты для свайго праекта.

Карта для самастойных шпацыраў і падкасты

Да анлайн-карты прывязаны 12 кропак ад вуліцы Замкавай, уздоўж Вялікай Траецкай і да Віленскай. У кожнай кропцы можна спыніцца і паслухаць гісторыю, звязаную з пэўным будынкам. На старонцы з картай да кропак дапасуюцца таксама тэкст і тагачасныя і сучасныя фотаздымкі, план гета. Праект дае магчымасць прайсці экскурсію самастойна, без экскурсавода, ці нават не выходзячы з дому. Гэта досыць своечасова з улікам пандэміі каранавірусу і патрэбы змяншаць сацыяльныя кантакты і трымацца самаізаляцыі. Аўдыёзапісы можна слухаць таксама як падкасты з платформы Soundcloud.

Гета № 1 — так званае «прадуктыўнае гета». Там месціліся працаўнікі, якіх адпраўлялі на прадпрыемствы, чыгунку, дарожныя працы. Заробленыя грошы ішлі акупацыйнай уладзе. У гета № 2 — яго называлі «непрадуктыўнае» — жылі дзеці, жанчыны, старыя. Яго ліквідавалі першым.

У тэкстах экскурсіі пераплецены асабістыя гісторыі вязняў гета і гістарычныя факты: асаблівасці побыту, заробкі, спосабы выжывання. Ёсць старонкі пра сінагогу, якая была пунктам збору перад вывазам жыхароў гета на смерць, Фару Вітаўта, дзе захоўвалі адабраныя ў яўрэяў рэчы, скарб, які знайшлі ў адным з дамоў у 2018 годзе.

Карта арыентаваная ў тым ліку і на школьныя экскурсіі, мусіць дапамагчы ў працы настаўнікам. Каманду стваральнікаў кансультавала экспертка ў галіне методыкі выкладання Халакосту Іна Соркіна. Праект пакажуць дзевяцікласнікам у гродзенскіх гімназіях. Распрацоўкай студэнтаў змогуць карыстацца і гродзенскія музеі. Ёсць ідэя таксама размяшчаць QR-коды са спасылкамі на розныя моўныя версіі гіда.

«Па сутнасці, вам патрэбны толькі інтэрнэт. Вы прыходзіце на месца, адкрываеце карту, да кожнай кропкі прымацаваны аўдыёфайл, там жа тэкст і фота», — кажа Ліза Зайцава, каардынатарка праекта.

Экскурсія на агульным сайце праекта «Вымяраючы гета» ўжо даступная на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ідзе праца над перакладам на нямецкую і польскую.

Нагадваць, што ёсць злачынствы без тэрміну даўнасці

Працуючы над праектам, аўтары хацелі зноў узняць праблему Халакосту перад гараджанамі і наведнікамі Гродна і нагадаць усім пра злачынствы, якія не маюць тэрміну даўнасці.

«Зразумела, што на чужых памылках ніхто не вучыцца, але мы ўсё адно мусім гаварыць пра гэтыя памылкі», — перакананая Ліза.

«Калі ідзе гаворка пра вайну, асабліва на постсавецкай прасторы, пераважна вядзецца пра салдата, яго гераізм для фармавання гонару за дзяржаву, продкаў і гэтак далей, — тлумачыць яна. — Нямногія любяць успамінаць цёмныя, крывавыя моманты. Гета — і гета, але мала гродзенцаў ведаюць, у якой форме і якім маштабе гэта было. Лічбы загінулых агаломшваюць, гэта амаль палова насельніцтва Гродна».

Асобных праграм, якія распавядаюць пра гродзенскае гета, няма. Пра гэта кажуць дзяржаўныя музеі, дасведчаныя выкладчыкі ў вну. Гарадскія ўлады дазваляюць праводзіць мерапрыемствы памяці ахвяр Халакосту.

Гродзенскае гета праіснавала з 1941 па 1943. Паводле розных крыніц, там сабралі ад 29 да 44 тыс. чалавек. Выжыла блізу 200 чалавек

«Ёсць кнігі, напісаныя па ўспамінах выжыўшых, той жа Лізы Чапнік, Фелікса Зандмана. А вось чагосьці базавага, для школьнікаў, для турыстаў, якія прыязджаюць у Гродна на пару дзён і ім не трэба паглыбляцца ў гэтыя гісторыі, — няма», — тлумачыць Ліза. На некаторых кропках стваральнікі да гістарычных фактаў дадалі асабістыя гісторыі вязняў гета, каб праз іх закрануць пачуцці слухачоў.

Чытайце таксама: Тры адважныя жанчыны: незвычайная гісторыя фотаздымка, які зрабілі ў Гродне ў час Другой сусветнай

Гід стварылі з нуля за пару месяцаў

Межы гета вядомыя, але аднаўляць яго гісторыю было няпроста. У архівах засталося няшмат дакументаў, пераважна — рукапісных і на нямецкай мове. Начальнік гета № 1 Курт Візэ ў канцы акупацыі знішчыў большую частку архіва, клапоцячыся пра будучыню. Стваральнікі гіда працавалі з вялікай колькасцю літаратуры, але многія звесткі ў ёй папросту дублююцца. Істотнай дапамогай стала «oral history» — успаміны людзей, якія перажылі гета, і гараджан, якія суіснавалі з гета ў той час, расказаў куратар праекта, гісторык Алесь Радзюк.

Аўдыёгід па гродзенскім гета распрацоўвалі шасцёра студэнтаў гродзенскіх вну — будучыя юрысты, лінгвістка, гісторык. Каардынатарка праекта «Арыенціры гета» Ліза Зайцава, студэнтка гродзенскага меда, далучылася да праекта праз асабістае захапленне гісторыяй і архітэктурай Гродна. У тэхнічным плане стваральнікаў гіда кансультавалі Аляксей Шота і Ірына Новік з рэдакцыі Hrodna.life. Яны дапамаглі з запісам і апрацоўкай аўдыё, а таксама выбарам платформы для размяшчэння гіда. Многія дублі даводзілася запісваць па некалькі разоў, шмат высілкаў адабрала звядзенне файлаў. Тэксты праекта правяралі гродзенскія гісторыкі.

Праект зрабілі цалкам з нуля літаральна за пару месяцаў. Аўдыё адмыслова пісалі ў горадзе. На ім чуваць брэх сабак, касцёльныя званы, гукі вуліцы. Гэта мусіць даць слухачу большае пагружэнне ў атмасферу Гродна. Англійскі варыянт экскурсіі агучвала студэнтка-лінгвістка з ГрДУ Кацярына Дзедушкіна, рускі - навучэнец гістарычнага факультэта Мікіта Цімакоў, беларускі - гісторык Алесь Радзюк.

«Калі паглыбляешся ў нейкую тэму, пачынаеш звяртаць увагу на факты, а не эмацыйны бок, бо калі ўсё захінаюць эмоцыі, цяжка сканцэнтравацца на адэкватным прадастаўленні інфармацыі. Але ў любым разе некаторыя рэчы проста агаломшылі нас саміх, бо мы не ведалі іх раней», — успамінае Ліза Зайцава.

У гета на 1 чалавека прыходзіўся 1 квадраты метр. Калі да вайны у доме жыла сям’я з 6−7 чалавек, то ў гета ў ім жыло да 30 чалавек. У адным пакоі магло жыць некалькі сем’яў

Што зрабілі ў Чарнаўцах і Кішынёве

Мікрапраекты пра гета ў сваіх гарадах рабілі таксама студэнты Кішынёва (Малдова) і Чарнаўцоў (Украіна).

У Кішынёве ўдзельнікі наклалі карту гета на сучасную карту горада, вызначылі зруйнаваную сінагогу, колішні рынак. Зрабіць гэта было не так проста, бо блізу 80% Кішынёва было зруйнавана ў вайну, фактура горада моцна змянілася. Аўтары праекта апытвалі людзей на вуліцах аб тым, што яны ведаюць пра раён былога гета, і ці ведаюць пра яго існаванне. Выявілася, што гараджане мала інфармаваныя, а адна з апытаных жанчын наогул сказала, што, мусіць, ахвяры гэта заслужылі. У межах праекта знялі відэа пра кішынёўскае гета і пра лёсы яго ахвяр.

Ва ўкраінскіх Чарнаўцах удзельнікі праекта «Вымяраючы гета» працавалі са спадчынай юнай паэткі Зельмы Меербаўм. З гета яе дэпартавалі ў працоўны лагер, дзе яна памерла ад тыфу. Перад дэпартацыяй яна перадала сяброўцы альбом са сваімі вершамі. Цяпер яны перакладзеныя на многія мовы свету. У Чарнаўцах стварылі аўдыёзапісы яе вершаў па-ўкраінску. Гісторыю таго, як шукалі інфармацыю пра паэтку, захавалі ў адмысловым блогу.

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024