Пасяджэнне эканамічнага суда, на якім вырашыцца лёс «Цэнтра гарадскога жыцця», адбудзецца 12 траўня. Ад моманту адкрыцця ўстановы ў Гродне мінула пяць гадоў. За гэты час у «Цэнтры» прайшло шмат мерапрыемставаў, якія адыгралі важную ролю ў культурным жыцці горада. Hrodna.life сабраў топ-10 падзей і імпрэзаў, што найбольш уразілі гараджан.
«Цэнтр гарадскога жыцця» — гэта прыватная адукацыйна-культурная пляцоўка. Тут прайшлі сотні мерапрыемстваў, выступалі музыкі, праходзілі заняткі курсаў беларускай мовы «Мова Нанова», вясной 2020 года збіралі ахоўныя экраны для медыкаў. На кіраўніка пляцоўкі Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асоб» 26 сакавіка завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодекса за дзеянні, нібыта накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму.
Паводле іску, пракурор горада Уладзімір Клішын палічыў, што адна з дэманстраваных у «Цэнтры» карцін парушае закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Праз гэта ён патрабуе ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця». Клішын спасылаецца на арт. 81 Кодэкса аб культуры. Згодна з ім працу культурнай установы можна забараніць, калі яна прапагандуе вайну, экстрэмісцкую дзейнасць, гвалт, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, расавую нецярпімасць або варожасць, парнаграфію ці падбухторванне да здзяйснення злачынстваў.
За час існавання «Цэнтра гарадскога жыцця» рэдакцыя Hrodna.life правяла на пляцоўцы «Цэнтра» тры прэзентацыі ўласных кніг («Горад адзін, успаміны розныя», «Гісторыі з гродзенскіх вуліц», «Гарадзенкі». Рэдакцыя таксама прэзентавала ў Цэнтры каляндар «Гэта — МЫ» і дапамагала ў арганізацыі некалькіх фотавыстаў. Тут паказвалі спектаклі паводле знойдзенага дзённіка вязня гродзенскага гета. Галоўную ролю граў журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч.
«Цэнтр гарадскога жыцця» стаў домам для штотыднёвых курсаў беларускай мовы «Мова Нанова». За гэты час на курсах сфармаваўся пастаянны касцяк слухачоў. Агулам праз іх прайшло вельмі шмат гродзенцаў. На «Мова Нанова» падымалі розныя тэмы і сустракаліся з вядомымі беларусамі, знакамітымі музыкамі ці экспертамі ў розных галінах. Два гады запар разам з «Цэнтрам гарадскога жыцця» «Мова Нанова» праводзілі дзіцячую ялінку.
У жніўні 2019 года ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адкрылася фотавыстава World Press Photo. Працы фатографаў з усяго свету расказвалі пра сацыяльныя, экалагічныя, палітычныя праблемы планеты. На той момант Гродна быў адзіным горадам у Беларусі, дзе можна было пабачыць выставу.
У 2018−2019 гадах «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай для міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus аб правах чалавека, які з 2015 года рэгулярна праходзіць у Мінску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі. На сустрэчах гродзенцы глядзелі найлепшыя фільмы фестывалю, сустракаліся з рэжысёрамі і абмяркоўвалі карціны.
У снежні ў «Цэнтры» адбыліся дзве выставы вядомай гродзенскай мастачкі Валянціны Шобы. На адной з іх яна прэзентавала працу, за якую ў 2015 годзе атрымала ў Парыжы прэстыжную прэмію Тэйлара.
«Стваральнік „Цэнтра“ Павел Мажэйка — прадстаўнік новай інтэлігенцыі, які раптам вырашыў, што нам патрэбна сканцэнтраваць вакол аднаго месца ўсё самае лепшае, што адбываецца ў нас у Беларусі: кнігі, музыку, выставы. І ў яго гэта выдатна атрымліваецца. Ён цудоўна разумее і адчувае, што ёсць мастацтва, тонкая творчасць, праз якую ствараецца вядомасць нашай краіны як краіны наогул», — кажа Валянціна Шоба.
У лістападзе 2018 года ў «Цэнтры» абмяркоўвалі брэнд Гродна. Да адкрытага абмеркавання запрашалі дзеячоў культуры і мастацтва, прадстаўнікоў культурніцкага і творчага бізнесу, грамадскіх актывістаў, журналістаў, студэнтаў і ўсіх неабыякавых да Гродна людзей.
У кастрычніку 2018 года «Цэнтр» стаў пляцоўкай для сотні ўдзельнікаў вечарыны традыцыйных танцаў. Такія танцы раней былі папулярныя ў жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак, а веды пра іх перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
У 2019−2020 гадах у «Цэнтры гарадскога жыцця» праходзіў літаратурны фестываль «Прадмова». Акрамя праграмы для дарослых, былі дзіцячыя чытанні, а таксама музычная выступы. На пляцоўцы «Цэнтра» разам збіраліся найвядомейшыя сучасныя літаратары, філосафы і выдаўцы Беларусі.
У кастрычніку 2019 года ў дворыку на Кірава, 3 размясцілі пано, прысвечанае Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863−1864 гадоў. Пано называлася «За нашу і вашу свабоду». Яго стварылі супольна з «Цэнтрам гарадскога жыцця». Над пано працавалі мастак-манументаліст Сяргей Грыневіч, малады дызайнер-каліграф Віктар Барташэвіч, дызайнеры Андрэй Радзівонаў і Ірына Варкулевіч.
Падчас першай хвалі пандэміі ў красавіку 2020 года «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай для пашыву масак, халатаў і ахоўных экранаў для медыкаў. Любы гродзенец мог прыйсці ў «Цэнтр» і стаць валанцёрам, і так дапамагчы медыкам у барацьбе з каранавірусам. Валанцёры тады сабралі каля 10 тысяч ахоўных экранаў для твараў, пашылі і размеркавалі ў медычныя ўстановы некалькі тысяч ахоўных супрацьчумных касцюмаў.
У верасні 2020 года «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай для выступаў гродзенскіх актораў, якія сышлі з драмтэатру па палітычных матывах. Пасля жнівеньскіх падзеяў, звязаных з выбарамі прэзідэнта Беларусі, у Гродне аб’ядналіся некалькі дзясяткаў актораў і працаўнікоў тэатраў. Яны стварылі творчы рух «Асобы». Месцам для выступаў актораў стаў «Цэнтр гарадскога жыцця».
Дырэктар «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка рыхтуецца да рашэння аб ліквідацыі прасторы. «Думаю, ёсць палітычны заказ, які выконваецца — стаіць задача ліквідаваць досыць папулярную пляцоўку ў горадзе. У наш час нездарма заводзяцца справы, якія шытыя белымі ніткамі, людзі абсалютна не замарочваюцца з доказамі. Чакаць цуду не варта, — лічыць Павел. — Калі гаворка ідзе не толькі аб працы „Цэнтра“ як нейкай установы або інстытуцыі, а наогул аб здольнасцях творчых людзей горада працаваць, рэалізоўваць сябе, хацець пераменаў, у гэтым плане [ліквідацыя цэнтра — Hrodna.life] ніяк не паўплывае».
Мажэйка дадае, што за апошнія 27 гадоў грамадзянскай супольнасці ніколі не было лёгка, асабліва ў Гродне. Былі толькі рэдкія пробліскі, калі ўлада не прэсавала моцна.
«Так што актыўныя людзі да такіх умоў прывыклі. Я ўпэўнены, што на месцы нашага зачыненага „Цэнтра“ з’явіцца яшчэ дзясятак. Гарадзенцы шануюць свабоду, праўду, свабодную творчасць і перамены да лепшага. Падзеі апошніх месяцаў даказалі гэта», — сказаў Павел Мажэйка.
КАПУ «Цэнтр гарадскога жыцця»
УНП 591 022 550
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…