Для вытворчасці шклатары Гродзенскі шклозавод у абыход санкцый закупляў канвееры ў італьянскіх вытворшчыкаў. Цяпер жа прадпрыемства знаходзіцца ў складаным фінансавым стане і мае даўгі за газ. Каб працягнуць дзейнасць, заводу далі 6 млн руб., распавядае ў новым расследаванні «Бюро медыя».

Каб увезці абсталяванне, скарысталіся пасярэднікам з Казахстану

У лютым 2021 Гродзенскі шклозавод падпісаў кантракт з італьянскай фірмай EMS Group на пастаўку трох новых ліній транспартавання, кантролю і ўпакоўкі шкляной тары ў палеты і перасоўвання палет з гатовай прадукцыяй на склад. Згодна з кантрактам, абсталяванне павінна было з’явіцца ў Беларусі ў 2022. Але пасля ўвядзення санкцый прывезці канвееры ў краіну было ўжо нельга.

Тады прадпрыемства скарысталася схемай «несапраўднага транзіту» — знайшлі лагістычную фірму, якая зрабіла фіктыўную дамову паміж EMS Group і алмацінскай кампаніяй. Казахстанскую фірму выбралі, таму што яна не трапіла пад еўрапейскія санкцыі.

Па дакументам выглядала, што італьянскія канвееры вязуць не ў Беларусь, а нібыта ў Казахстан. Літоўскім мытнікам паказвалі адну дакументацыю, пасля, па словах інфарматара «Бюро медыя», іх змянялі на нейтральнай памежнай паласе — і везлі абсталяванне ўжо ў Гродна.

Пасля — наўпрост змянялі мытны код

Праз час Гродзенскі шклозавод адмовіўся ад казахскага пасярэдніка. Каб увезці ў Беларусь стужачныя канвееры, экспарт якіх ЕС забараніў, вырашылі змяніць мытны код. У дакументах пазначалі іншы код, нібіты гэта абсталяванне для прамысловага прыгатавання і вырабу прадуктаў і напояў. Такія машыны можна вывозіць з Еўропы ў Беларусь.

Увезлі абсталявання коштам больш за € 1,8 млн

У пачатку 2023 года ў Беларусь заехала 27 грузавікоў з італьянскім абсталяваннем коштам звыш € 1,8 млн. Адпраўнік грузу — EMS Group. Атрымальнік — Гродзенскі шклозавод. Першая машына прыбыла ў студзені, апошняя — у сакавіку, а ўжо ў чэрвені на прамысловай пляцоўцы «Аульс» афіцыйна запусцілі новую шкляную вытворчасць.

10 млн даўгоў за газ і даўгі па падатках — фінансавы стан Гродзенскага шклозавода

Нягледзячы на імпартнае абсталяванне, санкцыі абдібілся на фінансавым становішчы Гродзенскага шклозавода. Гэта здарылася пасля таго, як знікла магчымасць пастаўляць прадукцыю ў Польшчу.

Каб прадпрыемства змагло выплаціць падаткі, у снежні 2024 з інавацыйнага фонду выдаткавалі 6 млн руб. на выплату асноўнага доўга і працэнтаў па крэдыце, выдадзеным на будаўніцтва новай вытворчай пляцоўкі.

Па тэме: З-за санкцый «Гродзенскі шклозавод» не змог разлічыцца з пастаўшчыкамі. Дзяржава дапамагла дзясяткамі мільёнаў бюджэтных грошай

За кошт дапамогі Гродзенскі шклозавод летась спрацаваў з невялікім прыбыткам. Сёлета Гродзенскаму шклозаводу павінны былі выдаткаваць яшчэ 16 млн руб., каб разлічыцца па крэдыце.

Яшчэ адна праблема — даўгі за газ. На пачатак 2025 — амаль 10 мільёнаў рублёў. Урад просіць адтэрміноўку да канца 2026 і растэрміноўку да канца 2030.

Чытайце таксама: Гісторыя, празрыстая як шкло. 10 фактаў аб Гродзенскім шклозаводзе, якіх вы не ведалі