40-гадовы гродзенец хацеў скарыстацца ільготай для праходжання мяжы, якой у яго насамрэч не было, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. За выпраўленне дакумента яму пагражае да двух гадоў абмежавання волі.
Мужчына ехаў пасажырам праз пункт пропуску «Брэст» і вырашыў паскорыць праходжанне мяжы. На кантролі ён паказаў пасведчанне інваліда I групы, якое дае права праходзіць мяжу па-за чаргой. Але памежнікі засумняваліся, што яно праўдзівае. Паперу накіравалі на экспертызу.
Спецыялісты высветлілі, што першапачатковы запіс пра групу інваліднасці падчысцілі і ўпісалі новы — «першая». Насамрэч, ва ўладальніка была II група інваліднасці.

Падчас допыту мужчына прызнаўся, што спецыяльна ўнёс выпраўленні ў пасведчанне, каб прайсці кантроль хутчэй.
Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па артыкуле 380 КК Рэспублікі Беларусь — «Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў».
Санкцыі артыкула прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, папраўчых работ тэрмінам да двух гадоў, арышту на тэрмін да шасці месяцаў альбо абмежавання волі на два гады.



