Лукашэнка плануе «ў бліжэйшыя пару тыдняў» наведаць Гродзенскую і Брэсцкую вобласці — хоча «паглядзець, што робіцца на захадзе». Аб намеры ён заявіў падчас нарады 10 лістапада. Сустрэчу прысвяцілі пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, піша Telegram-канал «Пул Первого».

Лукашэнка мяркуе, што да ягонага прыезду ў рэгіёнах «палявыя працы будуць спыненыя».

Навошта Лукашэнка сабраўся ў Гродна і Брэст?

Нарада стартавала з пытання аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы. Зараз яна напружаная. З-за перакіду кантрабанды метэазондамі з беларускага боку літоўскія ўлады ўвялі забарону на ўезд. Пакуль абмежаванні працягваюцца да 30 лістапада.

Пасля закрыцця мяжы з Літвой у Беларусі затрымалася крыху больш за тысячу замежных фур. Лукашэнка выступіў супраць часовага адкрыцця калідора для вываду літоўскіх фур з тэрыторыі краіны. А пасля заявіў, што грузавікі перамесцяць на ахоўныя стаянкі. У Літве не выключаюць, што ёсць рызыка канфіскацыі фур.

На нарадзе 10 лістапада Лукашэнка сказаў, што «літоўскія ўлады вырашылі мышкаваць» і паспрабавалі «нас яшчэ раз абвінаваціць і нахіліць у гэтых ці то шарыках, ці то яшчэ ў чымсьці».

Пасля ён дадаў, што «грузаатрымальнікі ў Літве ні ў чым не вінаватыя» і параіў ім звярнуцца «да сваіх уладаў для вырашэння пытанняў».

Тым часам польскі бок, верагодна, рыхтуецца да адкрыцця пагранпераходаў у Кузніцы і Баброўніках. Па словах міністра ўнутраных справаў Літвы Уладзіслава Кандратовіча, хутчэй за ўсё гэта адбудзецца «пасля 15 лістапада, пасля 20-га».

Чытайце таксама: Праз мяжу без чэргаў і па раскладзе. Што перашкаджае вярнуць цягнікі паміж Беларуссю і Польшчай?