З 13 алтароў у Фарным касцёле спецыялісты адрэстаўравалі ўжо восем. Яшчэ пяць – у працы. Цяпер рэстаўратары займаюцца абразам Нястомнай Дапамогі – пакрываюць яго сусальным золатам, а таксама аднаўляюць алтар, паведамляе «Гродно Плюс». 

Цяпер спецыялісты працуюць з абразам Нястомнай Дапамогі – з алтара Фарнага касцёла для рэстаўрацыі яго знялі ўпершыню. Зараз абраз пакрываюць сусальным золатам – гэта фінальны этап работ.

– Тут прыйшлося абкласці грунт, таму што яго падняло з-за таго, што была нейкая вільготнасць. Мы абклалі. Потым пойдуць таніроўкі і пакрыецца гэта ўсё лакам, — расказвае рэстаўратар Мікалай Лёля. 

Па словах спецыяліста, самае галоўнае ў рабоце — “захаваць старое”, а таксама “не нашкодзіць, каб не атрымалася зусім іншы абраз, не ўнесці свайго”.

Аднаўляюць і сам алтар – працы вядуць ужо паўтары гады. За гэты час рэстаўратары замянілі зношаныя канструкцыі, аднавілі разьбу. Цяпер алтар грунтуюць, фарбуюць, а потым будуць залаціць. У рабоце выкарыстоўваюць толькі драўляныя матэрыялы.

Пробашч касцёла Ян Кучынскі дадае, што «каласальная праца» чакае каля алтара Святога Казіміра, які пацярпеў падчас Другой сусветнай. Побач з касцёлам узарвалася бомба – ударная хваля выбіла вокны.

— Акно некалі часова зробленае. Заладзілі дзірачку, і яно засталося па сённяшні дзень. І чакае сваёй чаргі, – дадае Кучынскі. 

Адкрыць алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі плануюць да снежня 2025 года, калі касцёл будзе адзначаць сваё 320-годдзе.

Чытайце таксама: Фарны касцёл рыхтуюць да вялікай афарбоўкі: яе хопіць на наступныя 25 гадоў

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы