Суды актыўна прызнаюць экстрэмісцкімі не толькі чаты і каналы, але і персанальныя акаўнты ў сацсетках. Часцей гэта тычыцца даволі публічных людзей, якія знаходзяцца ў эміграцыі. Што рабіць, калі вы ў Беларусі? Ці бяспечна знаходзіцца ў краіне ці варта адразу ж з’ехаць? Пра гэта міліцыю Гродна спытаў Аляксей (імя зменена). Адказ ён размясціў у сацсетках.
У адказе міліцыя яшчэ раз патлумачыла правапрымяненне ч. 1 і ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
«Па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў, вы можаце звярнуцца да ўчастковых інспектараў міліцыі, якія ажыццяўляюць прыём грамадзян ва ўсіх грамадскіх пунктах аховы правапарадку Гродна штотыдзень па серадах з 17.00 гадзін да 20.00 гадзін», — паведамілі Аляксею. Выразнага адказу на свае пытанні гродзенец так і не атрымаў.
Калі суд прызнаў старонку экстрэмісцкім матэрыялам, у самім рашэнні ён звычайна патрабуе яе выдалення. Калі чалавек не выдаліць старонку, якая была прызнаная экстрэмісцкай, яму пагражае адміністрацыйная адказнасць паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП, распавялі Hrodna.life у юрыдычнай службе «Вясны».
«Тут два сцэнары гіпатэтычных. Першы — суд і штраф/арышт у цэлым за старонку. Другі - за кожны пост. З практыкі адміністрацыйнай адказнасці за рэпост адзін рэпост = адно рашэнне суда», — распавялі ў службе.
Праўда, у 2021 годзе быў суд над Паўлам Спірыным. Яму прад’яўляліся абвінавачванні за два фільмы, якія былі ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Павел сказаў, што пасля гэтага выдаліў іх, але ў дачыненні да яго ўсё роўна распачалі крымінальную справу — за распальванне варожасці.
Чытайце таксама: У вобласці зменшылася колькасць адміністрацыйных спраў за распаўсюджванне экстрэмізму