Гжэгаж Стыкоўскі кіруе Генеральным консульствам Польшчы ў Гродне ўжо некалькі месяцаў, але ніякай публічнай інфармацыі пра яго прызначэнне не было. Раней ён працаваў у консульствах Польшчы ў Казахстане і Украіне.
У мінулым новыя консулы Польшчы ў пачатку сваёй працы заўсёды давалі інтэрв'ю мясцовым выданням, у тым ліку дзяржаўным. Цяпер практыка іншая і пра прызначэнне інфармацыі наогул не было.
Хто такі Гжэгаж Стыкоўскі — новы генеральны консул Польшчы ў Гродне
Паводле звестак Internet Archive, у траўні 2025 генеральным консулам у Гродне на сайце консульства быў пазначаны яшчэ Анджэй Рачкоўскі. 21 жніўня ўжо было змешчана прозвішча Гжэгажа Стыкоўскага.
Папярэдняе месца працы Стыкоўскага — консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Астане (Казахстан). Там ён працаваў як мінімум да красавіка 2025 года, а ў 2024 годзе нейкі час быў часова павераным, то бок кіраваў працай усёй амбасады. На мяжы 2000-х — 2010-х працаваў у консульстве ў Львове (Украіна).
Хто раней быў консулам Польшчы ў Гродне?
З 2016 генеральным консулам Польшчы ў Гродне быў Яраслаў Ксёнжак. У сакавіку 2021 беларускія ўлады загадалі яму пакінуць краіну. На дадзены момант Ксёнжак каардынуе працу офіса стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага ў Варшаве.
З ліпеня 2021 і да жніўня 2025 генеральным консулам Польшчы ў Гродне быў Анджэй Рачкоўскі. Ён прычыніўся да вызвалення арыштаваных беларускімі сілавікамі актывістак Саюза палякаў Ірэны Бярнацкай і Марыі Цішкоўскай. У 2023 годзе МЗС Польшчы адзначыла яго ўзнагародай «Консул года» за працу ў асабліва цяжкіх умовах.