Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што пункты пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі будуць закрыты ў ноч з чацвярга, 11 верасня, на пятніцу, 12 верасня, паведамляе Polskie Radio. Як доўга будзе закрыта мяжа — пакуль невядома.

UPD 17.55. Кіраўнік МУС Марцін Кервінскі адзначыў, што поўнае закрыццё межаў Польшчы і Беларусі будзе часовым. “Памежныя пераходы будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што для Польшчы, для польскіх грамадзян гэта не будзе прадстаўляць ніякай пагрозы”, – растлумачыў міністр.

«З меркаванняў нацыянальнай бяспекі мы закрыем пункты пропуску на мяжы з Беларуссю апоўначы ў чацвер», — сказаў Туск на пасяджэнні ўрада. Рашэнне звязана з запланаванымі расійска-беларускімі ваеннымі вучэннямі «Захад». Яны пройдуць у Беларусі з 12 па 16 верасня.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што ваенныя манеўры, арганізаваныя Масквой і Мінскам, накіраваныя на адчувальную зону бяспекі НАТА.

«У такіх манеўраў адна мэта: Сувалкскі калідор. Пакуль гаворка ідзе пра вучэнні», — адзначыў ён.

Па словах Туска, Польшча адкажа на гэтыя дзеянні ўласнымі вучэннямі з удзелам саюзнікаў. Ён таксама папярэдзіў аб правакацыях і нагадаў пра затрыманне польскага манаха беларускімі спецслужбамі.

Цяпер на мяжы з Польшчай працуюць толькі два КПП: «Брэст» (Цярэспаль) і «Казловічы» (Кукурыкі) — апошні функцыянуе толькі для грузавога транспарту. Працуюць і чыгуначныя грузавыя пункты пропуску — іх таксама закрыюць у рамках адказу Польшчы на вучэнні.

Нагадаем, 4 верасня ў Беларусі быў затрыманы польскі манах. Пры сабе ў яго знайшлі дакументы аб расійска-беларускіх вучэннях «Захад-2025». Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск рэзка адрэагаваў на затрыманне і папярэдзіў аб гатоўнасці Варшавы да адпаведных мераў.