14 ліпеня на электронных таргах, якія прайшлі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць», прадалі старадаўнюю сядзібу ў вёсцы Дубнікі Астравецкага раёна, паведамляе realt.by. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што яшчэ з старадаўніх аб’ектаў можна купіць з аўкцыёну ў Гродзенскай вобласці, і знайшла некалькі цікавых лотаў.
Сядзіба ў Дубніках пабудавана ў 1878 годзе. Тут нейкі час жыў і працаваў нобелеўскі лаўрэат пісьменнік Генрык Сянкевіч. Старадаўні дом прадалі за $ 360. Яго выкупіла кампанія, якая вырабляе будматэрыялы.
Акрамя гэтага лота на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» у ліпені гэтага года паспрабуюць у чарговы раз прадаць сядзібу Храптовічаў у Шчорсах. Таксама на продаж зноў выставілі былы палац Радзівілаў у Дзятлаве.
Гісторыя і спадчына сядзібы Храптовічаў
Сядзіба ў Шчорсах — былое ўладанне канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча — была пабудавана ў XVIII стагоддзі ў стылі французскага класіцызму. Працавалі еўрапейскія майстры: італьянцы Сака і Карл Спампані, а таксама француз Габрыэль.
Храптовіч — вядомы наватар: адмяніў паншчыну і дзіцячую працу, адкрыў школу, выдаў сялянам роўныя надзелы і арганізаваў вытворчасць хлеба, сыру, лёну, развёў рыбу ў сажалках. Таксама дзейнічалі млын, маслабойня і лесапільня.

Сярод гасцей комплексу — апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, астраном Міхаіл Пачобут, гісторыкі Ігнат Даніловіч і Іаахім Лялевель, паэты Уладзіслаў Сыракомля і Адам Міцкевіч.
Ад палацава-паркавага ансамбля да нашых дзён «дажылі» бібліятэка, некалькі гаспадарчых пабудоў, флігель, вяндлярня, стайні і старадаўні парк з каскадам сажалак.
Што выстаўлена на аўкцыён
Спачатку рэшткі сядзібы хацелі прадаць як адзіны комплекс, але з 2018 года пачалі выстаўляць асобныя будынкі. Частка з іх ужо прададзеная.
Цяпер на аўкцыёне — былыя стайні 1814 года пабудовы з пачатковай цаной крыху больш за 41 000 рублёў і левы флігель (былы дзіцячы сад) за крыху больш за 160 000 рублёў. Таргі прызначаныя на 23 ліпеня.
Акрамя таго, паспрабуюць прадаць рэшткі гаспадарчых пабудоў — так званая «Мураванка Храптовічаў», гаспадарчы двор у гатычным стылі. Ён быў узведзены ў другой палове XIX стагоддзя. Тут, напрыклад, выраблялі сыр па швейцарскіх тэхналогіях.
Пазней, у савецкі час тут размяшчаўся гаспадарчы двор мясцовай гаспадаркі: ветлякарня, цялятнік, кароўнік і вялікі свіран. Сёння на яго месцы захаваліся некалькі вежаў, руіны дамоў і стайняў. Пабудовы не выкарыстоўваюцца.
Пачатковая цана гаспадарчага двара Храптовічаў — амаль 149 тысяч рублёў. Таргі прызначаныя на 31 ліпеня.

Палац Радзівілаў у Дзятлаве: 270 гадоў гісторыі — і зноў на аўкцыёне
Палац у Дзятлаве пабудавалі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі барока. Раней на гэтым месцы стаяў драўляны замак, спалены шведамі. Палац пабудаваў князь Мікалай Фаўстын Радзівіл, а пазней маёнтак перайшоў да яго сына — пісьменніка, паэта, гісторыка і дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Ульрыка Крыштафа Радзівіла.
Першапачаткова палацавы комплекс уключаў не толькі сам палац, але і павільёны, масткі, скульптуры — усё гэта было часткай пейзажнага парку ля ракі Дзятлоўкі. З часам архітэктура ансамбля спрасцілася. З 1938 па 2010 год у палацы размяшчалася гарадская стаматалагічная паліклініка. Цяпер будынак пустуе.

Што выстаўлена на аўкцыён
Былы палац у Дзятлаве некалькі разоў выстаўлялі на таргі. Яго нават адзін раз купілі — у 2022 годзе старадаўні будынак выкупіў расійскі бізнэсовец за тры базавыя велічыні. Ён быў адзіным прэтэндэнтам на гістарычны палац, таму аўкцыён не праводзілі. Аднак пазней палац зноў перадалі ў аператыўнае кіраванне Дзятлаўскага райвыканкаму.
Цяпер будынак зноў выстаўлена на продаж. Таргі пройдуць 21 ліпеня. Пачатковая цана — 148 тысяч беларускіх рублёў. Новаму ўладальніку трэба пачаць выкарыстоўваць маёмасць на працягу трох гадоў з моманту пакупкі. Таксама ўласнік абавязаны падпісаць ахоўнае абавязацельства на працягу месяца, бо будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры.