«Раней усе лічылі, што карміць птушак — вельмі карысна. Зараз прафесійныя арнітолагі кажуць, што з ростам гарадоў гэта не зусім так. У вялікай колькасці птушак каля гарадоў выключаецца натуральны спосаб пошуку ежы», — патлумачыў Віталь Гуменны, член Савета Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Як рабіць розныя віды кармушак і чым і калі іх напаўняць, каб не нашкодзіць птушкам, заолаг распавёў на майстар-класе ў Пышках 4 снежня. Hrodna.life сабраў восем відаў кармушак, якія можа зрабіць кожны.

Птушак можна не карміць, а падкормліваць, у тым ліку і летам. Важны правільны рэжым: ежа ў кармушцы мусіць заканчвацца, дасыпаць не трэба. Тады яны будуць ведаць, што мусяць ляцець шукаць ежу самі.

Калі і як карміць?

У снежныя, марозныя зімы можа быць не толькі падкормка, але і кармленне. У цёплую бясснежную зіму і ў адлігу карміць не варта. Трэба арыентавацца на надвор’е.

Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Перад майстар-класам Віталь Гуменны (у цэнтры з ноўтбукам) распавёў, чым можна падкормліваць птушак, і прапанаваў адгадаць віды па фатаграфіі
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Мерапрыемства зладзіла «Ахова птушак Бацькаўшчыны»

«Калі прайшоў ледзяны дождж, снегапад, суткі пурга — падкарміце птушак. Ім вельмі цяжка: ежа пад снегам, кароткі светлавы дзень, за які яны не паспеюць знайсці сабе дастаткова харчавання», — патлумачыла Hrodna.life арнітолаг, спецыялістка АПБ Анастасія Кузьмянкова.

Калі пасля дажджу ўзяўся мароз — такія птушкі як сініцы, якія абследуюць галінкі, не змогуць прабіць ледзяную скарынку. Складана знаходзіць ежу і пад мокрым снегам. У такія дні кармушка можа быць поўнай.

Калі пасля сырога надвор’я ўдарыць мароз — корм у кармушцы ператворыцца ў змёрзлы камяк. Трэба абавязкова прыйсці да яе, дастаць мокрае — можна проста кінуць пад ногі, і насыпаць сухога корму.

«Збожжа з лёдам, якое птушкі адкалупваюць і глынаюць, спачатку разаграваецца. Запаленне ўнутраных органаў надыходзіць літаральна праз 15−20 хвілін пасля кармлення марозным кормам, — распавёў Віталь Гуменны. — Калі корм ператварыўся ў кашу, ён спачатку адаграваецца, асабліва ў валлёвых — гілёў, амялушак. Птушка будзе сядзець на галінцы, а потым — бах, і ўпадзе».

Кармавыя сумесі, арэхі, ягады. Чым карміць птушак

Калі вырашылі, што будзеце карміць, рабіце гэта так, каб не нашкодзіць. «Трэба падкормліваць так, каб не выключыць натуральны варыянт рацыёну. Лепш падабраць тыя кармы, якія яны ядуць звычайна», — удакладняе спецыяліст. Пасуюць:

  • Кармы для вараб'інападобных птушак у клетках: канарак, уюркоў, можна корм для папугаяў. Яны збалансаваныя па складзе, а ў грошах выйдзе тое ж самае, калі купляць асобна пшаніцу, проса і гэтак далей.
  • Насенне лугавых і пустазельных траў (конскае шчаўе і падобнае). Іх можна назапасіць загадзя: падставіць пад сцябліны паперу і натрасці.
  • Рабіна, шыпшына, глог і іншыя ягады. Можна сушыць, але лепш замарожваць і вывешваць, можна нанізваць на нітку і замацоўваць вузельчыкамі.
  • Збожжа, можна ў каласках, крупы без апрацоўкі. Грэчку, рыс, пшано мясцовыя птушкі не ядуць.
  • Канаплянае насенне.
  • Сырыя семачкі без солі. Лайфхак: каб пазбегнуць канфліктаў з суседзямі і дворнікам, купляйце лузганыя.
  • Сыры арахіс і іншыя арэхі. Грэцкі птушкі не ядуць.
  • Нясмажанае і несалёнае сала. Кавалачкі можна прывязаць з двух канцоў на шчыльную нітку і перакінуць праз галінку.
  • Высушаны і стоўчаны чорны хлеб.
  • Садавіна (яблыкі). Можна пратыкаць шылам, нанізваць на тоўстую вяроўку і вешаць на галінкі. Пачастуюцца снегіры, амялушкі, сініцы ды іншыя.

Чым не карміць?

Нельга карміць свежым белым і чорным хлебам — ён выклікае закісанне ў страўніку і скарачае птушкам жыццё. Таксама хлеб можа прывесці да атлусцення, ім будзе цяжка лётаць. Акрамя таго ў ім недастаткова пажыўных рэчываў. Катэгарычна нельга карміць зацвілым хлебам або батонам. Не падыходзіць і ежа са свайго стала, салёнае, смажанае, слодычы.

Хлябок для лебедзяў: чым карміць вадаплаўных

Балючая тэма — прыкорм вадаплаўных птушак. Ці трэба іх наогул карміць — адзінага меркавання няма. Віталь Гуменны лічыць, што карміць нельга катэгарычна. Качыныя звыклі ёсць расліны і ўсю ежу фільтраваць з вады. Але калі вельмі хочацца — можна дазволенымі прадуктамі, кажа арнітолаг Анастасія Кузьмянкова. Гэта могуць быць:

  • распараныя загадзя пярлоўка, гарох, аўсяныя шматкі, пшаніца;
  • звараная і здробненая гародніна: морква, бульба, распараныя бульбяныя лупіны;
  • сухія аўсяныя шматкі - калі не падрыхтаваліся дома. Іх можна сыпаць на самым краі вады. Але лепш распарыць!

Хлебам і батонам вадаплаўных, як і іншых птушак, карміць нельга. Яны звыкаюць да хлеба, як да наркотыку, патрабуюць яго і адвыкаюць ад пошукаў нармальнай ежы.

Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Птушкі на пляжы ў Пышках ужо «падселі»

Кармушкі простыя і паскладаней

Кармушкі можна вешаць у парку, у лесе, у двары або каля акна. Птушкі далятаюць і да дзявятага паверха, і да дванаццатага. Але ўсё ж чым вышэй пасля дзевятага, тым ім больш складана, распавяла Анастасія Кузьмянкова. Важна, каб пад акном былі нейкія дрэвы, каб птушкам было, дзе сесці.

У Пышках спецыялісты АПБ распавялі, як рабіць кармушкі з пластыкавых бутэлек і з фанеры. Першыя могуць зрабіць нават дзеці, а вось з другімі можа спатрэбіцца дапамога дарослых. Мы пакажам вам, як зрабіць абедзве.

1. Кармушка з бутэлькі

Спатрэбяцца:

  • бутэлька;
  • капронавая нітка або лёска;
  • шыла;
  • нажніцы.

Ад аб’ёму бутэлькі і памеру акенца ў ёй залежыць, якія птушкі будуць карміцца. З бутэлькі 0,5 л змогуць паесці толькі сінічкі і іншыя вераб'іныя. Да пяцілітровіку зляцяцца і галубы. Яго «аўдыторыю» можна абмежаваць, выразаўшы меншыя адтуліны: сініцам хопіць вакны 4*4 альбо 5*5 см. Вышыня нізу акенца ад дна залежыць ад таго, як часта вы плануеце падсыпаць туды корм. Калі раз на тыдзень — патрэбны высокі борцік, часцей — можна нізкі. Можна рабіць адтуліны з двух або з чатырох бакоў і на рознай вышыні. Краі апрацоўваць ня трэба.

Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Шылам або нажніцамі з вострымі канцамі зрабіць дзірку
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Выразаць патрэбную адтуліну. Ніжэй за яе можна ўставіць палку, каб птушкам было зручней сядзець
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
У накрыўцы зрабіць адтуліну, іголкай уцягнуць вяроўку і завязаць
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Над акенцам можна зрабіць казырок, пад акенцам — палічку

Плюсы: хутка рабіць, танна, не патрэбныя навыкі.
Мінусы: можа туманіцца, корм будзе больш вільготным, больш рызыкі, што замерзне.

2. Кармушка-домік з фанеры

Спатрэбяцца:

  • аркуш фанеры таўшчынёй 4−8 мм;
  • аловак;
  • лінейка;
  • драўляныя рэйкі;
  • піла (можна з дзіцячага набору);
  • цвікі або шрубы;
  • малаток або шрубакрут.

Такую кармушку трэба вешаць ці ставіць з зацішнага боку, каб менш задзімала снегу. Усярэдзіне можна набіць дадатковыя планкі, і ў розныя ячэйкі насыпаць розны корм.

Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Выразаць дно, напрыклад, 25*25 або 60*60 см і два аднолькавыя квадраты для даху. Яны могуць быць на 5 мм меншымі за дно. Памер дна залежыць ад таго, дзе вы хочаце яе змясціць
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Збіць дах пад вуглом 90º на планку-аснову, вострыя канцы цвікоў загнуць
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
На дно прыбіць планкі-борцікі, каб корм не высыпаўся
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Да дна прыбіць планкі-стойкі, верхнія зрэзы — пад 45º
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
На стойкі прыбіць дах

Плюсы: больш стабільная, даўгавечная, не затрымлівае вільгаць.
Мінусы: складаней рабіць, патрэбна больш інструментаў.

Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Варыянт 1. Можна вешаць і ставіць. Патрэбныя борцікі з чатырох бакоў
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Варыянт 2. Можна вешаць, не патрэбны дадатковы борцік. Пасуе толькі для дробных птушак

Альтэрнатыва: кармушкі з гарбуза і з туалетнай паперы

Акрамя звыклых кармушак можна рабіць і «арганічныя». Вось некалькі прыкладаў:

  1. Фігурная ежа. Корм можна змешваць у любых формачках і заліваць топленым тлушчам. Можна заліць такую сумесь проста ў аднаразовы папяровы кубачак. Пасля застывання — падвешваць за акном або на галінках.
  2. Шышка. Сумессю корму і тлушчу можна абмазваць раскрытыя яловыя і сасновыя шышкі і вешаць за шнурок.
  3. Фігуркі з жэлацінам. У формачкі можна заліваць і кармавую сумесь з жэлацінам і вадой. На 150 г корму трэба 60 мл гарачай вады і 7 г жэлаціну. Туды ж пакласці вяроўку і паставіць у халадзільнік на пару гадзін. Пасля застывання фігуры можна павесіць на дрэве.
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Альтэрнатыўныя кармушкі могуць выглядаць вельмі сімпатычна
Не карміць, а падкормліваць. 8 відаў кармушак і чэк-ліст па ежы для птушак ад арнітолагаў
Недаўгавечна, але хутка і экалагічна — кармушка з папяровага пакета
  1. Папяровы пакет. Паводле прынцыпу кармушак з бутэлек можна зрабіць кармушку з чаго заўгодна. Напрыклад, папяровы пакет ад фастфуду перавязаць уверсе, прарэзаць збоку адтуліны, напоўніць кормам і павесіць на галінку.
  2. Кармушка з туалетнай паперы. Кармавой сумессю можна абмазаць кардонную ўтулку ад туалетнай паперы. Калі сумесь схопіцца, пракінуць праз ўтулку вяроўку і вешаць на галінку.
  3. Гарбуз. З невялікага — таксама можна выразаць кармушку. Такую можна вешаць або ставіць. Праўда, корм у ёй давядзецца мяняць часцей — гарбуз вільготны.

Калі вы жывяце ў прыватным доме, пасадзіце на ўчастку глог, абляпіху і каліну — кармушкі не спатрэбяцца.

Найбліжэйшае мерапрыемства «Аховы птушак Бацькаўшчыны» ў Гродне — арніталагічны шпацыр з Андрэем Храмогіным, старшынём Гродзенскага рэгіянальнага аддзяленьня АПБ. Ён пройдзе 18 снежня, збор — а 10:00. Маршрут шпацыру — уздоўж Нёмана да санаторыя «Жамчужына». У гэты час можна будзе паназіраць птушак і даведацца цікавыя факты пра іх паводзіны. Для ўдзелу трэба зарэгістравацца.