Старшыня забароненага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс падзякавала беларускім уладам за магчымасць вучыць польскую мову ў Беларусі і папрасіла вызваліць Анджэя Пачобута.

«Саюз палякаў налічвае цяпер каля 12.000 членаў, мы вядзём цэнтры навучання польскай мовы на тэрыторыі Беларусі, дбаем пра месцы памяці, мы ўдзячныя ўладам Беларусі за магчымасць вучыць польскую мову, мы палякі, грамадзяне Беларусі і нам вельмі важныя добрыя адносіны і дыялог, у Беларусі жыве больш за 300.000 палякаў, справа польскасці ў Беларусі заўсёды была для Саюза палякаў справай нашага жыцця. Анджэй Пачобут — наш калега і дзеяч, член Галоўнай Рады СПБ, журналіст, ніколі не быў „апазіцыянерам“ і мы вельмі просім улады ў Мінску аб яго вызваленні!!!», — напісала ў Facebook Анжаліка Борыс.

«Вельмі радуюся вызваленню людзей, мае думкі з Анджэем Пачобутам, жыццё чалавека — найважнейшае, яшчэ год таму, як бачылася з Анджэем у папраўчай калоніі, прасіла распачаць перамовы і дзеянні, каб яго сітуацыя змянілася, калі камусьці на чымсьці залежыць, то можна і трэба пачаць перамовы, прашу не забываць пра Анджэя і пра палякаў у Беларусі!!!», — пісала Борыс пасля вызвалення 21 чэрвеня 14 чалавек, у тым ліку палітвязняў, сярод якіх быў Сяргей Ціханоўскі. Тады вызвалілі іншага грамадзяніна Польшчы, Ежы Жывалеўскага.

Журналіст Анджэй Пачобут быў першым у спісе на вызваленне палітвязняў у Беларусі, які склала Польшча, заверыў тады прэс-сакратар польскага МЗС Павел Уроньскі. Кіраўнік ведамства Радjслаў Сікорскі падкрэсліў, што Польшча будзе працягваць імкнуцца да вызвалення гродзенскага журналіста.

У красавіку 2024 года Анжаліка Борыс сустракалася з Пачобутам у калоніі.

Хто такія Борыс і Пачобут

Гродзенскі журналіст і адзін з лідараў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут адбывае пакаранне ў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года па так званай «справе палякаў». Пачобут працаваў у недзяржаўных беларускіх медыях, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі. Вывучае гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Прысуд яму вынеслі 8 лютага 2023 года. Анджэя абвінавацілі паводле арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і ст. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці». Праз два дні пасля вынясення прысуду — 10 лютага 2023 года — Польшча закрыла памежны пункт пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы, паабяцаўшы адкрыць яго на наступны дзень пасля вызвалення Пачобута.

Чытайце таксама: Rzeczpospolita: Анджэй Пачобут пагадзіўся з’ехаць з Беларусі яшчэ вясной

Старшыню непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі ў 2021 годзе па той жа справе і выпусцілі з турмы 25 сакавіка 2022 г. пасля года зняволення. З просьбай вызваліць дачку да Лукашэнкі звярнулася маці Анжалікі Борыс. Ёй змянілі меру ўтрымання і вывезлі пад Адэльск да маці. Борыс забаранілі камунікаваць. Вядома, што ў заключэнні ў яе моцна пагоршылася здароўе. Пасля гэтага яна не з’яўлялася ў публічнай прасторы. У красавіку 2023 г. стала вядома пра спыненне крымінальнай справы супраць яе — за два гады не знайшлі складу злачынства. Трох іншых фігурантак «польскай справы» гвалтоўна вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Яны не могуць легальна вярнуцца ў Беларусь. Анджэю Пачобуту прысудзілі восем гадоў калоніі.

Чытайце таксама: Прасілі застацца ў Польшчы, але быў прызначаны допыт. Анжаліка Борыс расказала пра пачуцці пасля турмы і сваю місію ў Беларусі

Юрыдычная асоба, праз якую дзейнічаў Саюз палякаў, кіраўнічкай якога Борыс была да свайго зняволення і які прызнавалі польскія ўлады, але не прызнавалі беларускія, была ліквідавана ў 2022 годзе. Арганізацыю польскай меншасці «Польска Мацеж школьна» і грамадскі ліцэй імя Элізы Ажэшкі, дзе вывучалі польскую мову, ліквідавалі ў 2022 годзе, будынкі канфіскавалі. Цяпер існуюць прыватныя цэнтры навучання польскай мовы ў Беларусі. Пра іх дзейнасць у Гродне і іншых гарадах Беларусі Анжаліка робіць пасты ў сябе ў Facebook і X (былы Twitter).

Чытайце таксама: Расійскае генконсульства ў Гродне пераехала ў былы будынак «Мацежы школьнай»