«Я — палеская небінарная персона і беларуска. І я не маўчу» — кажа актывістка і рэжысёрка Паша Джэжора. Яна арганізоўвае беларускую калону на прайд, які пройдзе ў Варшаве 14 чэрвеня. Але яе актыўнасць вылілася ў палітычны канфлікт. Частцы беларускай супольнасці не спадабалася, што бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня могуць з’явіцца на прайдзе. Чаму адно і тое ж палотнішча можа ў адных людзей выклікаць пачуццё гонару, а ў іншых — жаданне забараніць?
Небінарнасць і беларускасць
У 2021 годзе, калі Пашы было 17 гадоў, яна вымушана эмігравала з Беларусі па палітычных прычынах. Першым прытулкам стала Чэхія, а потым Паша перабралася ў Варшаву.
«Я зразумела, што мне неабходныя родныя беларускія праекты, родныя беларускія барыкады і роднае адчуванне нейкага ціску з боку дзяржавы», — кажа яна ў размове з Hrodna.life.

На пытанне, што значыць быць небінарнай персонай з Беларусі, Паша адказвае:
«Для мяне гэта значыць заўжды сутыкацца з пытаннем — хто я: небінарная персона ці беларуска. (…) Я магу быць кім заўгодна, і мая нацыянальнасць не павінна мяне абмяжоўваць. Яна павінна быць толькі крыніцай для натхнення».
Беларуская калона на прайдзе: ад дзіцячых грузавікоў да палітычнага выкліку
Ідэя ўдзелу ў прайдзе з асобнай беларускай калонай узнікла летась:
«Гэта ўжо другая група, якую я раблю. На мінулым прайдзе мы рабілі беларускую групу разам з адным беларускім рэйвам. (…) Мы зрабілі такую трошкі квір-дажынкаўскую тэматыку, бо знайшлі дзіцячыя грузавікі і накідалі ў іх налепак з вясёлкавымі Пагонямі».

Сёлета ж усё пачалося са спантаннай рэакцыі на пагрозы. Іншыя актывісты пераслалі Пашы паведамленні з пагрозамі, якія пабачылі ў тым ліку ў Instagram. А ў адным з адкрытых Telegram-чатаў яна знайшла закрылі распраўляцца з ЛГБТК+ актывістамі, якія выйдуць на прайд з Пагоняй.
«Я пабачыла, што, аказваецца, нам пагражаюць расправай за тое, што мы прыйдзем на прайд з БЧБ сцягамі. І я падумала: калі вы нам пагражаеце — я ўспрымаю гэта як персанальны выклік».

Паша звязалася з арганізатарамі двух прайдаў 7 і 14 чэрвеня ў Варшаве. Групе далі месца без афіцыйнай рэгістрацыі, «але ў максімальна бяспечным месцы калоны». Афіцыйна зарэгістраваныя групы адлюстроўваюцца на плане калоны, але тут сітуацыя была тэрміновай, бо час рэгістрацыі ўжо выйшаў.
Абяцалі «знайсці і выразаць»
«Правыя беларусы, у тым ліку, на жаль, і ваяры, ветэраны вайны ва Украіне, сярод іх Раман Яроменка (нікнэйм у Telegram „Сенат“), распавядалі ў правым Telegram-чаце „Беларусіянскі“, як яны будуць ствараць базу людзей, хто выходзіў з БЧБ сімволікай на прайдзе, а пасля нас усіх знойдуць і выражуць».
Частка інфармацыі пра пагрозы прыходзіла і ананімна, кажа Паша. Такая сітуацыя для яе не навінка. Яна згадвае, як у чэрвені 2023 года атрымлівала пагрозу «адрэзаць галаву» за фотаздымак у мадыфікаваным беларускім касцюме, які вісеў у галерэі ў Вене.

«Самае галоўнае — гэта ўсё рэгістраваць і звяртацца ў паліцыю. (…) Вельмі рэдка такія людзі пераходзяць да актыўных дзеянняў», — упэўнена кажа Паша.
Раман Яроменка раней служыў у Сілах спецыяльных аперацый Беларусі і ў Французскім замежным легіёне. З 2022 года ваюе ва Украіне, цяпер — аператар цяжкага дрона «Вампір» у тактычнай групе Крыўцова ў складзе інтэрнацыянальнага легіёна галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, піша «Наша Ніва».
Чытайце таксама: «Важатыя казалі, каб дачка пазваніла мамам». Квір-эмігранты — пра пераезд у Польшчу, касцёл і гамафобію
Удзел у баявых дзеяннях — крытэрый права на сцяг?
Бел-чырвона-белы сцяг — гэта не проста сімвал мірнага пратэсту ці культурнай ідэнтычнасці, а баявы знак, які быў аплачаны жыццём і крывёю, лічыць той самы Раман Яроменка — «Сенат» з Telegram-чата «Беларусіянскі». На яго думку, вырашаць, як і калі выкарыстоўваць гэты сцяг, маюць права толькі тыя, хто змагаліся за Беларусь, трымалі яго на фронце, хавалі пад ім таварышаў.
«Калі нехта лічыць, што можа без усялякай адказнасці выходзіць з бел-чырвона-белым на свае тусоўкі, — хай лепш выкарыстоўвае дзяржаўны сцяг», — расказаў ён Hrodna.life.
Ён перакананы, што меншасць, нават калі пакутуе і змагаецца, як ЛГБТК+ супольнасць, не можа навязваць большасці сваё бачанне.
«Я ведаю, што сярод загінуўшых (на вайне ва Украіне — Hrodna.life) былі геі… Але большасць ваяроў катэгарычна супраць выкарыстання сцяга на прайдах».
Для субяседніка галоўны крытэрый маральнага права на нацыянальны сімвал — гэта гатоўнасць аддаць жыццё за перакананні. «Зрабіце што-небудзь важнае, як мы. Тады пагаворым. А пакуль — не».
Чытайце таксама: ЛГБТ-асобы гуляюць свабоднa, міліцыі мала, але прыстойных кафэ няма. Мінчанін выказаўся пра Гродна
У яго свеце сцяг — гэта зброя, якая заслужана праз гераізм і кроў. Тыя, хто не зрабіў унёску, не маюць права яго выкарыстоўваць. А супольнасць ЛГБКТ+ у яго вачах наогул уяўляецца «неакамуністычнай тусоўкай». «Я асабіста называю яе ЛГБТКПСС. Для мяне сутнасць не змянілася. Раней гэта былі камуністы — цяпер яны неакамуністы».
«Хочаш — хадзі з кім хочаш. Хочаш — любі каго хочаш. Але сцяг — не твой. Ён паліты крывёю. І толькі кроў дае на яго права», — пераконвае Раман.
Не проста гамафобія, але расійскі сцэнар
Узмацненне выказванняў супраць ЛГБТК+ сярод беларусаў Паша Джэжора называе не проста праявамі гамафобіі і квірфобіі, але і вялікім крокам у набліжэнні да Расіі. Што тычыцца сітуацыі ўнутры Беларусі, яна перакананая, што сапраўднай мэтай закручвання гаек у заканадаўстве з’яўляецца не проста кантроль, а застрашванне і шантаж праз інтымнае жыццё. Асобна яна звяртае ўвагу на транс-персон, якія цяпер у асабліва небяспечным становішчы:
«Я асабіста ведаю людзей, якім прыпісалі прастытуцыю і парнаграфію проста за тое, што яны транс-персоны. (…) На жаль, транс-персоны заўжды былі самай уразлівай групай ЛГБТК+ кам’юніці».
Чытайце таксама: «У Гродне да 30 000 прадстаўнікоў ЛГБТ». Шчырае інтэрв'ю з хлопцам, які збіраецца змяніць пол
Паша нагадвае, што хоць і не страляе, як ваяры на фронце, але штодня змагаецца па-свойму — з гамафобіяй, агрэсіяй і страхам.
Пры ўсіх цяжкасцях актывізму, Паша адчувае сябе ў Варшаве ў бяспецы. Хоць польская рэчаіснасць не ідэальная, але дакладна лепшая за беларускую для жыцця і творчасці.
«Я не засялялася ў кватэры на нулявым паверсе (першы паверх у беларускай нумарацыі - Hrodna.life), на ўсялякі выпадак. Але я адчуваю сябе бяспечна».
Калона на прайдзе — як супольны адказ на страх
Сёлетняя беларуская калона на варшаўскі прайд 14 чэрвеня будзе дастаткова мінімалістычнай, кажа Паша:
«Я вырашыла не прыгаць вышэй за галаву (…) Мы надрукавалі вясёлкавыя Пагоні — галоўны аб’ект спрэчкі».
Кожны ўдзельнік можа прыносіць нешта сваё: плакаты, раздрукоўкі, музыку. Галоўная мэта — супольнасць і падтрымка.

Пагрозы варшаўскім актывістам — не першыя ад імя ваяроў
Беларускія ЛГБТК+ актывісты сёлета сутыкнуліся з пагрозамі ў некалькіх гарадах. Першымі адчулі на сябе ціск удзельнікі Baltic Pride — прайда, які прайшоў 7 чэрвеня ў Вільні. Там таксама не абышлося без пагроз з боку ваяра Рамана Яроменкі і згодных з яго меркаваннем беларусаў, што жывуць у Вільні. Яны адмыслова прыйшлі на прайд, каб рабіць нападкі на ўдзельнікаў шэсця. У той жа дзень шэсце адбывалася ў Вроцлаве — на гэты прайд прыйшлі невядомыя ў штанах колеру хакі і чорных майках з Пагоняй. Яны таксама пачалі канфлікт з беларускімі ўдзельнікамі, а перад тым як сысці пракрычалі: «Вы дадаяце ў наш сцяг свае піда*скія колеры!»