Выстава «Застацца / Zostać» адкрыецца 6 жніўня 2025 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Яе арганізатараў і стваральнікаў натхнілі постаць і мастацтва Алеся Пушкіна — аднаго з найбольш выразных і непадкантрольных мастакоў сучаснай Беларусі.

Выстава аб’яднае працы каля 20 мастакоў і мастачак у міграцыі, якія праз візуальнае мастацтва даследуюць тэмы страты, выгнання, ідэнтычнасці, пошуку каранёў, штодзённасці і культурнай трансфармацыі. Таксама яны працуюць з тэмамі ўнутранай свабоды, памяці, рытуалу і побыту.

У цэнтры — не фігура Пушкіна як гістарычная, а яго ідэі, вобразы і метады, што працягваюць жыць у мастацкіх практыках сёння. Імі і натхняліся ўдзельнікі праекта.

Арганізатары запрасілі да ўдзелу творцаў без абмежаванняў па формах. Мастакі будуць мець магчымасць прадставіць не толькі жывапіс, але і інсталяцыі, відэа, фатаграфіі, перфарматыўныя элементы.

Арганізатары выставы не маюць інстытуцыйнай падтрымкі. Выстава — гэта працяг даследчай працы, якая ўжо прывяла да стварэння старонкі памяці Алеся Пушкіна, фармавання візуальнага архіва яго твораў і распрацоўкі будучага альбома.

Алесь Пушкін і Гродна: чаму выстава будзе цікавай гродзенцам-эмігрантам

Алесь Пушкін не раз бываў у Гродне і прадстаўляў там сваю творчасць. Летам 2007 года ён удзельнічаў у пленэры супраць разбурэння гістарычнага цэнтра Гродна. Тады ў Гродна прыехалі некалькі дзясяткаў мастакоў, якія задакументавалі знішчэнне старадаўніх камяніц у межах так званай «рэканструкцыі». Алесь Пушкін маляваў знішчэнне вялізнага паравога млына на вуліцы Васілька. Створаная ім тады карціна пазней некалькі гадоў вісела ў офісе Hrodna.life.

У красавіку 2011 годзе Пушкін прывёз у гродзенскую галерэю «Крыга» персанальную выставу і зладзіў своеасаблівае гуканне вясны. Тады ж на дрэве ля галерэі Алесь павесіў зробленыя ім сімвалічныя шпакоўні. Сёння ні «Крыгі», ні дрэва ў цэнтры Гродна ўжо няма.

У 2020 годзе Алесь Пушкін, які працаваў тады ў «Белрэстаўрацыі», распрацаваў свой варыянт роспісаў для гродзенскага Старога замка. Вясной 2021 года мастак паказаў свае напрацоўкі на выставе ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Гэта выклікала спрэчкі - прапановы Алеся сустрэліся з жорсткай крытыкай з боку гісторыкаў.

На той жа выставе сярод карцін быў партрэт дзеяча беларускага нацыянальна-вызваленчага пасляваеннага супраціву Яўгена Жыхара. Партрэт быў створаны ў 2014 як частка цыклу «Беларускі Рэзыстанс» і дэманстраваўся раней.

Але гэтым разам пасля даносу Вольгі Бондаравай партрэтам зацікавілася пракуратура — на мастака завялі крымінальную справу за рэабілітацыю нацызму. Яго асудзілі на пяць гадоў калоніі строгага рэжыму. Пазней яго перавялі на паўгода на турэмны рэжым, які ён адбываў у Гродне. У СІЗА і ў турме ён маляваў і вучыў маляваць сукамернікаў.

У Гродне Алесь і памёр. Яго даставілі 10 ліпеня 2023 года з турмы ў шпіталь хуткай дапамогі непрытомнага. Падчас аперацыі яго сэрца спынілася. Пазней стала вядома, што ў Пушкіна была прабадная язва, і яму не аказалі дапамогу своечасова.

Падтрымаць праект праз Gronka

Для рэалізацыі выставы «Застацца» каманда запусціла краўдфандынг на платформе Gronka, каб сабраць мінімум 3000 € на:

  • лагістыку, мантаж і святло,
  • аплату працы каманды,
  • друк афіш і матэрыялаў,
  • прасоўванне

Пры ўнёску ад 500 € можна будзе паўдзельнічаць у выбары адной з работ для выставы.

Сачыць за праектам можна ў Instagram.