Гродзенскі музыка і стваральнік папяровых мадэляў Ігар Адасік распрацаваў макет Слонімскай сінагогі ў маштабе 1:150. Папяровы канструктар увайшоў у набор для творчасці з серыі «Замкі Беларусі».

Адасік стварае папяровыя копіі славутасцяў Беларусі больш за 10 гадоў. За гэты час Ігар распрацаваў мадэлі Старога замка ў Гродне, а таксама Лідскага, Мірскага і іншых замкаў.

З нядаўніх распрацовак Адасіка — каралеўскі палац Станіславова, царква Чэснага крыжа ў Гродне і Гродзенскі дзяцінец XII стагоддзя.

Сярод работ Ігара Адасіка не толькі папяровыя копіі будынкаў Гродзенскай вобласці. Напрыклад, у траўні гродзенец зрабіў макет мінскай конкі і магілёўскай ратушы.

Сабраць папяровыя мадэлі, распрацаваныя Адасікам, можа кожны — канструктары выходзяць у серыі «Замкі Беларусі». Набыць канструктары можна ў сувенірных крамах Гродна. Напрыклад, частка з серыі ёсць у этна-краме «Цудоўня».

Чытайце таксама: Ігар Адасік адбудаваў каралеўскую рэзідэнцую Аўгустова ў маштабе 1/100

Канструктар, музыка і калекцыянер: чым займаецца Адасік?

Ігар Адасік нарадзіўся ў Слоніме. З дзяцінства захапляўся мадэляваннем, клеіў паменшаныя копіі аўтатэхнікі і тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-прыборабудаўнік. Цяпер жыве ў Гродне.

Акрамя мадэлявання Адасік захапляецца калекцыянаваннем. У 2018 годзе ў Музеі гісторыі Гарадніцы прайшла персанальная выстава Адасіка, на якой ён прадставіў калекцыю мадэляў ваеннай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны, якую збіраў з 2004 года.

Займаецца Адасік і музыкай — ён уваходзіць у склад гродзенскага фолк-гурта «Папараць».