У найбліжэйшыя месяцы ў Поразаве плануюць адкрыць Дом банкухі. Тут можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе па падрыхтоўцы дэсерту, даведацца сакрэты мясцовай кухні, паўдзельнічаць у дэгустацыі.

Банкуха або пірог-дрэва ў 2019 годзе ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У краіне ўсяго дзве майстрыхі выпякаюць яго па старадаўнім рэцэпце — паразаўчанкі Алена Казюк і Ганна Шалкевіч, піша «Гродзенская праўда». У Польшчы падобны пірог носіць назву сэнкач, у Літве — шакоціс. Падобныя тарты пачалі выпякаць у Гродне.

У класічным варыянце рыхтаваць страву трэба амаль цэлы дзень на адкрытым агні рускай печы. На прыгатаванне аднаго пірага сыходзіць парадку 50−60 яек, па кілаграме сметанковага масла, смятаны, мукі і цукровай пудры, трохі ваніліну. А яшчэ некалькі мяшкоў дроў. Да 90-х банкуху традыцыйна пяклі па святах: на вяселле, хрэсьбіны.

Дэсерт доўга захоўвае свежасць. У сценах Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу можна нават убачыць банкуху чатырохгадовай даўнасці.

21 верасня ў Поразаве пройдзе свята банкухі, на якім будуць рыхтаваць традыцыйныя стравы.