Нагодай для гэтага стала абнаўленне гарадскіх пляжаў і неабходнасць абараніць іх ад вандалаў. Зараз на пляжах ставяць новыя шэзлонгі і фантанчыкі з пітной вадой.
Пра камеры відэаназірання, па якіх збіраюцца вылічваць вандалаў, калі тыя захочуць што-небудзь зламаць, расказала вядучы інжынер аддзела тэхнагляду за будаўніцтвам, рамонтам і ўтрыманнем аб’ектаў добраўпарадкавання Гродзенскага гарадскога ЖКГ Анжаліка Валюк на “Гродна Плюс”.
Як абнаўляюць гарадскія пляжы
Працы на ўсіх пляжах – цэнтральным, у Пышках, у Ласосна і на Юбілейным возеры – збіраюцца закончыць да 1 траўня.
На цэнтральным пляжы ўсталёўваюць 10 новых шэзлонгаў, дзве арэлі, тры навесы-“грыбочкі”. Абнавілі калонку з вадой і кабінкі для пераапранання. Пасля ўстаноўкі ўсяго запланаванага пляж падсыплюць пяском.





Пляж на Юбілейным возеры падсыпаюць пяском і выраўноўваюць, укладваюць пліткай дарожкі. Там збіраюцца зрабіць пляцоўкі з цвёрдым насцілам, зоны індывідуальнага адпачынку.
На ўсіх пляжах “Гроднавадаканал” ставіць фантаны з пітной вадой і душавыя стойкі беларускага вытворцы “Фисон”. Пляжную мэблю спецыяльна вырабілі ва УЖРЭП Ленінскага раёна.
На абследаванне пляжаў вадалазамі, устаноўку буёў і дзіцячых купальняў у гэтым сезоне патрацяць 36 067 руб.
Колькі камер ужо ёсць у Гродне і ў Беларусі
У 2024 годзе мінімум 214 камер павесілі на запасных уваходах і выхадах у 13 гродзенскіх школах і гімназіях. На ўездах у горад і ў месцах, дзе могуць сабрацца 100 і больш чалавек, усталявалі 84 камеры. У 2023 годзе паставілі амаль 1000 вулічных камер. 11 дадатковых відэакамер усталявалі каля эканамічнага суда. Іх ставілі за кошт сродкаў прымусовага збору – грошай ці маёмасці, якія судовы выканаўца спаганяе з даўжніка.
У ліпені 2022 года паведамлялі пра 3000 усталяваных у горадзе камерах. У гэты лік уваходзілі вулічныя камеры ў грамадскіх месцах, на дарогах, у 150 шматпавярхоўках і на стратэгічных аб’ектах. Пры гэтым годам раней, у сярэдзіне 2021, было вядома ўсяго аб 20 камерах, усталяваных у Гродне гарадскім ЖКГ – пераважна ў цэнтры горада.
У сакавіку 2025 года «Белтэлекам» паведаміў пра ўсталёўку 200 000 камер відэаназірання па ўсёй Беларусі. З іх – каля 60 000 “разумных” камер, якія ўмеюць адсочваць чалавека, распазнаваць твары, чытаць нумарныя знакі. Звычайна запісы з відэакамер захоўваюць 30 сутак.


