У сярэдзіне сакавіка на Замкавай, 11 адкрылася фотастудыя Retreat. У студыі ёсць некалькі працоўных зон і рэквізіт для здымак. Да 11 красавіка супрацоўнікі прапануюць тэматычную здымку да Вялікадня з жывымі куранятамі.
У фотастудыі прадугледжана некалькі тэматычных зон. Напрыклад, ёсць вясновая зона з плеценымі арэлямі, а таксама куток са штучнай зелянінай і імітацыяй казачнага лесу. Абсталявана і дзіцячая зона з цацкамі, пуфікам у выглядзе альпакі і яркімі акцэнтнымі адценнямі.
Па запыце кліентаў могуць памяняць фонавыя шпалеры. Пакуль у наяўнасці белы, чорны, шэры і мятны папяровыя фоны.


Таксама ў студыі прадугледжаны асобны грымёрны пакой, дзе наведвальнікі могуць прывесці сябе ў парадак перад фотасесіяй.
Арэнда памяшкання абыдзецца ў 45 руб. у буднія дні, у выходныя — 50 руб. Студыя працуе з 10:00 да 20:00 з аўторка па чацвер і з 12:00 да 20:00 у пятніцу і суботу. У нядзелю і панядзелак фотастудыя зачынена.
Дзе яшчэ ў Гродне ёсць фотастудыі?
На Урублеўскага, 3 больш за дзесяць гадоў працуе фотастудыя «Велосипед». У студыі можна зрабіць сямейныя і вясельныя здымкі.
Студыя «Прастора» на Замкавай, 4, спецыялізуецца на індывідуальных фотасесіях.
Асаблівасць фотастудыі «Грей» заключаецца ў манахромных фонах, дзякуючы чаму кліенты могуць зрабіць прыглушаныя здымкі ў цёмных адценнях. Знаходзіцца студыя на Горкага, 91.
Яшчэ адна інтэр'ерная фотастудыя знаходзіцца на Горкага, 91А — сваім кліентам Sky Studio прапануе прафесійнае абсталяванне.
Чытайце таксама: Гронкі кветак, люстэркі і ружовае футра. У Гродне з’явіліся вясновыя фотазоны