Тэкст пра «меры для падтрымання чысціні» ў гродзенскім ТРК Triniti з’явіўся на NewGrodno. Падобна, ім вырашылі апраўдацца наконт прусака, якога знялі на відэа на фудкорце гандлёвага цэнтра двума днямі раней.

У тэксце пералічаны меры, абумоўленыя нормамі заканадаўства:

  • поўная санітарная апрацоўка памяшканняў кожныя два месяцы;
  • рэгулярны маніторынг санітарнага стану комплексу кантрольнымі органамі, планавыя праверкі дзяржаўных санітарных службаў;
  • унутраная апрацоўка сваіх плошчаў арандатарамі;
  • прыборка са сродкамі, «якія прадухіляюць распаўсюджванне шкоднікаў».

Нягледзячы на ўсе намаганні, «у такіх маштабных грамадскіх прасторах, дзе прысутнічаюць зоны харчавання, тэарэтычна магчымыя адзінкавыя выпадкі міграцыі насякомых або грызуноў», апраўдваюцца аўтары тэксту. «Іх з’яўленне не азначае адсутнасць кантролю або парушэнні санітарных норм».

Таксама Triniti падзякаваў наведвальнікам за пільнасць і прапанаваў са «спрэчнымі пытаннямі» звяртацца ў адміністрацыю ТРК, Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

«Прусакі кішэлі»

У каментарах пад відэа з прусаком гродзенцы адзначалі, што ў Triniti іх шмат. «Яны там кішэлі, прычым першымі ўбачылі на падлозе, а потым зразумелі, што яны паўзуць з пуфікаў — там іх цьма і яны не саромеюцца вылазіць. Ёсць і вялікія, і маленькія, і іх коканы», — напісала аўтар відэа пад нікам lankymyyn.

Прусак на фудкорте ў Triniti
Прусак на фудкорце ў Triniti. Скрыншот відэа

Гродзенцы бачылі прусакоў на ўсіх паверхах, а таксама ва супермаркеце Green, дзе ёсць кулінарыя. Бачылі і мышэй, і нават пацукоў.