Улады Гродзенскай вобласці рыхтуюць новыя турыстычныя маршруты для турыстаў з Ніжагародскай вобласці Расіі, а таксама і іншых расійскіх гарадоў-пабрацімаў. Іх прэзентуюць улетку на V З’ездзе малых гарадоў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў расійскім сяле Дзівеева.
Для турыстаў плануюць распрацаваць праграмы, прысвечаныя гістарычнай спадчыне, гастранаміі і ваенна-патрыятычным аб’ектам рэгіёна.
Пра гэта казалі на пашыраным пасяджэнні ў Гродзенскім аблвыканкаме, прысвечаным удзелу рэгіёна ў будучым форуме, паведамляе Тэлерадыёкампанія “Гродна”.
Паводле слоў старшыні Гродзенскага абласнага Савета дэпутатаў Алены Пасюты, задача рэгіёна — максімальна шырока прадставіць турыстычны патэнцыял Прынямоння.
Якія маршруты прапануюць турыстам
Зараз распрацоўваюць тры турыстычныя кірункі.
Першы маршрут будзе прысвечаны гісторыка-культурнай спадчыне. У яго ўвойдуць храмы, сядзібы і іншыя аб’екты архітэктурнай спадчыны рэгіёна.
Другі кірунак звязаны з гастранамічным турызмам. Турыстам хочуць прапанаваць знаёмства з традыцыйнымі стравамі Гродзеншчыны. У Воранаўскім раёне госці змогуць даведацца асаблівасці гатавання дранікаў, а в Паўлаве — вясельнага каравая. У праграму таксама ўключаць наведванне аграсядзіб і мясцовых гастранамічных аб’ектаў.
Трэці кірунак прысвецяць ваенна-гістарычнаму турызму. У маршруты ўвойдуць бункер № 77 у Шчучынскім раёне і памятныя месцы Ваўкавыскага раёна, звязаныя з падзеямі Другой сусветнай вайны і перыяду халоднай вайны.
Усе маршруты плануюць зарэгістраваць праз Нацыянальнае агенцтва па турызме. Прадугледжваецца, што яны будзе арыентаваны на турыстаў з Ніжагародскай вобласці і іншых расійскіх рэгіёнаў-пабрацімаў.
Турыстычныя маршруты распрацоўваюць у межах партнёрскага альянсу «5+».
Што такое альянс «5+»
У партнёрскі альянс «5+» уваходзяць Ваўкавыскі, Зэльвенскі, Свіслацкі, Слонімскі і Шчучынскі раёны.
Аб’яднанне стварылі для рэалізацыі сумесных праектаў, развіцця турызму і прыцягнення інвестыцый. Ініцыятары праекта разлічваюць, што супрацоўніцтва дазволіць раёнам больш эфектыўна выкарыстоўваць свае рэсурсы і сумесна прасоўваць турыстычныя і культурныя ініцыятывы.
На форуме падпішуць новае пагадненне
Акрамя турыстычных праектаў, на форуме плануюць абмеркаваць пытанні эканомікі, сельскай гаспадаркі, мясцовага самакіравання і культурнага супрацоўніцтва.
Таксама чакаецца падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Воранаўскім раёнам Гродзенскай вобласці і Сечанаўскай акругай Ніжагародскай вобласці.
У Гродна 13 гарадоў-пабрацімаў у Расіі. Апошняе з пагадненняў аб пабраціmstве было падпісана ў чэрвені 2025 года з Омскам.
Таксама ў гэты спіс уваходзяць Хімкі, Волагда, Дзяржынск, Яраслаўль, Тамбоў, Пскоў, Вялікі Ноўгарад, Анапа, Каломна, Мыцішчы, Шчолкава і Пятрадварцовы раён Санкт-Пецярбурга.



