У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла сустрэча з прадстаўніком Чувашскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.М. Ульянава. Універсітэты плануюць удзельнічаць у навукова-адукацыйных мерапрыемствах адзін аднаго і распрацоўваюць праграмы супрацоўніцтва на 2025-2026 гады. Чаго яны ўжо дасягнулі і якія яшчэ ёсць перспектывы ў студэнтаў ГрГУ?

На сустрэчы абмяркоўваліся перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва. Да гэтага іх ужо абмяркоўвалі ў ліпені 2024 года падчас візіту рэктара Чувашскага ўніверсітэта, расказалі ў прэс-службе ГрДУ.

ГрДУ супрацоўнічае з чувашскім універсітэтам імя Ульянава з 2020 года, таму начальнік упраўлення міжнароднай дзейнасці Чувашскага універсітэта Яўген Нікалаеў лічыць яго перспектыўным і правераным партнёрам.

У снежні 2024 года супрацоўнікі і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы ўдзельнічалі ў мерапрыемствах Чувашскага ўніверсітэта анлайн. Гэта былі лекцыі аб “Увядзенні ў дынамічнае праграмаванне” і навукова-тэхнічныя семінары “Імпульсныя нейронавыя сеткі і нейрапрацэсары” і “Мадэляванне рэжымаў працы электраэнергетычных сістэм”.

З кім яшчэ супрацоўнічае ГрДУ

На дадзены момант на афіцыйным сайце ГрДУ ў раздзеле “Міжнародная дзейнасць”, міжнародныя праграмы і праекты, адзначана гуманітарнае супрацоўніцтва толькі з трыма фондамі, адзін з якіх фонд “Рускі свет”. Усе праграмы звязаныя з Расіяй.

Дзейнічаюць праграмы акадэмічнага абмену з Валгаградскім дзяржаўным універсітэтам, расійскай “Вышэйшай школай эканомікі», Балтыйскім федэральным універсітэтам у Калінінградзе, Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, універсітэтамі Індыі і КНР. Ёсць міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ўніверсітэта ў галіне вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі з Рэспублікамі Казахстан, Таджыкістан, з Кыргызскай Рэспублікай і Туркменістанам, Рэспублікай Малдовай.

А што з Балонскім працэсам?

На сайце ГрДУ ў раздзеле “Міжнародная дзейнасць” ёсць і інфармацыя пра Балонскі працэс. Гэта ініцыятыва, скіраваная на стварэнне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якая забяспечвае сумяшчальнасць адукацыйных сістэм і дыпломаў сярод краін-удзельніц. Беларусь далучылася да яго ў 2015 годзе. Гэта дазволіла зблізіць нацыянальныя адукацыйныя стандарты з еўрапейскімі і павысіць прывабнасць беларускіх ВНУ для замежных студэнтаў.

Увесну 2022 года, пасля пачатку вайны ва Украіне, расійскія ўлады абвясцілі аб выхадзе краіны з Балонскага працэсу. Тады Савет Федэрацыі параўнаў Балонскую сістэму з пыласмокам, які “актыўна дазваляў выпампоўваць” “разумных людзей” з Расіі і адпраўляў іх у “несяброўскія дзяржавы”. У чэрвені 2022 года Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі прыпыніла сяброўства ў Балонскім працэсе і Беларусі, якая падтрымала Расію ў вайне. Тагачасны міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец восенню 2022 года заявіў, што “беларуская сістэма адукацыі не адчула прыпыненне сяброўства ў Балонскім працэсе”, і шмат у чым гэта адыграла станоўчую ролю.

На сайце ГрДУ інфармацыі аб прыпыненні ўдзелу Беларусі і, адпаведна, ВНУ, у Балонскім працэсе няма.

Чытайце таксама: У ГрДУ будуць кантраляваць студэнтаў з дапамогай сістэмы распазнання твараў