Больш за 18 000 беларускіх студэнтаў у 2023/24 годзе навучаліся ў еўрапейскіх універсітэтах. Большасць з іх — у Польшчы. Расійскія ўніверсітэты таксама прыцягваюць беларусаў - іх там амаль столькі ж, як у польскіх ВНУ. Аб гэтым стала вядома з прэзентацыі даследавання «Беларускія студэнты ў Еўропе і Расіі: трэнды адукацыйнай міграцыі» Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера».
Прэзентацыя другога выпуску маніторынгу прысутнасці беларускіх студэнтаў за мяжой прайшла 29 лістапада. Пра вынікі расказалі доктар палітычных навук і дырэктар інстытута Андрэй Казакевіч і прадстаўніца інстытута Лізавета Пракопчык. Мэтай даследавання было вызначыць дынаміку, фактары і кірункі міграцыі за апошнія 10 гадоў. У даследаванні ўлічвалі толькі студэнтаў бакалаўрыяту.
Чаго хочуць бацькі?
Даследчыкі апыталі дарослых беларусаў наконт прыярытэтных краін для адпраўкі дзяцей ва ўніверсітэты. Першае месца заняла Беларусь з вынікам 52%. Другое месца з 41% - Расія. Трэцяе месца заняла «адна з краін Заходняй Еўропы і ЗША» — 38%. У апытанні можна было выбраць некалькі варыянтаў адказу.
У выніку даследавання таксама вызначылі агульную колькасць беларускіх студэнтаў у Еўропе. На 2023/24 год гэта было больш за 18 000 чалавек. За апошнія 10 год лічба толькі расла і ў выніку павялічылася амаль у два разы.
«Асаблівы імпульс да выезду студэнтаў мелі дзве падзеі: палітычны крызіс 2020 года і пачатак вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе», — распавядае Андрэй Казакевіч.
Сярод краін Еўропы па колькасці студэнтаў лідзіруе Польшча (68% ад усіх студэнтаў у Еўропе ў 2022/2023). Асноўнымі адукацыйнымі кірункамі з’яўляюцца таксама Літва, Чэхія і Нямеччына. Штогод колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой павялічваецца на 10%. А колькасць студэнтаў у Беларусі апошнія 10 гадоў у сярэднім падае на 5%.
Польшча
2017/2018 навучальны год стаў у Польшчы даволі выбухным, бо ад 20 ліпеня 2018 года прынялі Закон «Права аб вышэйшай адукацыі і навуцы». Згодна з ім кожны, хто валодае польскай мовай на ўзроўні С1, можа атрымаць адукацыю безкаштоўна. Ён пашырыў пералік замежнікаў, якія могуць атрымаць сацыяльную стыпендыю.
На 2022/2023 навучальны год колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы складала больш за 12 000 чалавек. Толькі за адзін (2022/2023) навучальны год у Польшчу прыехала 1600 студэнтаў з Беларусі. Сярод усіх замежных студэнтаў у Польшчы беларусы займаюць другое месца (11,3%) пасля ўкраінцаў (40,2%).
Літва
Літва была і застаецца важным напрамкам пераезду беларускіх студэнтаў. З 2020 года пачаўся чарговы рост. Зараз колькасць беларускіх студэнтаў перавышае 1500 чалавек.
У Літве беларускія студэнты займаюць таксама другое месца (15,4%) пасля студэнтаў з Украіны (19,2%). 10 год таму беларускія студэнты складалі больш за 50% ад усіх замежных студэнтаў.
Нямеччына
Як і ў Літве, пачынаючы з 2019/2020 колькасць беларускіх студэнтаў у Нямеччыне толькі расце. І гэта нягледзячы на шматлікія перашкоды для паступлення: патрабаванні наконт грошай і віз. Праўда, Нямеччына больш накіравана на студэнтаў магістратуры.
Чэхія
Тут колькасць беларускіх студэнтаў таксама робіцца большай. У 2020 годзе ўвялі абмежаванні для атрымання студэнцкіх віз для беларусаў. Але гэта асабліва не паўплывала на міграцыю менавіта туды. Колькасць беларускіх студэнтаў у Чэхіі складае больш за 1000.
Расія
Да 2022/2023 навучальнага года дынаміка была адмоўная. Але ўмовы для паступлення для беларускіх абітурыентаў палепшылі: з беларускім ЦТ можна паступаць у расійскія ўніверсітэты, беларускім студэнтам прапаноўваюць стыпендыі і квоты. У 2023/2024 у Расіі навучалася больш за 10 000 беларусаў, што параўнальна з Польшчай. У гэтую лічбу ўваходзяць студэнты, якія навучаюцца па міжнародных дамовах. У 2023/2024 годзе колькасць апошніх склала 2600 чалавек.
«Цікава, што Расія спрабуе вярнуцца да былых пазіцый і выводзіць усе гэтыя паляпшэнні. Бачна, што гэта гульня з беларусамі і пошукамі новых інтэлектуальных рэсурсаў», — кажа Лізавета Пракопчык.
Беларусь
Агульная колькасць студэнтаў штогод падае прыкладна на 5%. Але замежных студэнтаў з кожным годам усё больш.
Вынікі даследавання
Беларускія студэнты не зацікаўлены ў беларускай адукацыі, лічаць эксперты. Асноўнымі кірункамі міграцыі з’яўляюцца Польшча і Расія. Даследчыкі адзначаюць, што ўсе краіны, адзначаныя ў даследаванні, прапануюць бясплатную адукацыю на той ці іншай мове.
Чытайце таксама: «Жывеш крыху горш, чым на Мальдывах». Што студэнты думаюць пра гродзенскія інтэрнаты