У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла сустрэча з прадстаўніком Чувашскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.М. Ульянава. Універсітэты плануюць удзельнічаць у навукова-адукацыйных мерапрыемствах адзін аднаго і распрацоўваюць праграмы супрацоўніцтва на 2025−2026 гады. Чаго яны ўжо дасягнулі і якія яшчэ ёсць перспектывы ў студэнтаў ГрГУ?
На сустрэчы абмяркоўваліся перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва. Да гэтага іх ужо абмяркоўвалі ў ліпені 2024 года падчас візіту рэктара Чувашскага ўніверсітэта, расказалі ў прэс-службе ГрДУ.
ГрДУ супрацоўнічае з чувашскім універсітэтам імя Ульянава з 2020 года, таму начальнік упраўлення міжнароднай дзейнасці Чувашскага універсітэта Яўген Нікалаеў лічыць яго перспектыўным і правераным партнёрам.
У снежні 2024 года супрацоўнікі і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы ўдзельнічалі ў мерапрыемствах Чувашскага ўніверсітэта анлайн. Гэта былі лекцыі аб «Увядзенні ў дынамічнае праграмаванне» і навукова-тэхнічныя семінары «Імпульсныя нейронавыя сеткі і нейрапрацэсары» і «Мадэляванне рэжымаў працы электраэнергетычных сістэм».
З кім яшчэ супрацоўнічае ГрДУ
На дадзены момант на афіцыйным сайце ГрДУ ў раздзеле «Міжнародная дзейнасць», міжнародныя праграмы і праекты, адзначана гуманітарнае супрацоўніцтва толькі з трыма фондамі, адзін з якіх фонд «Рускі свет». Усе праграмы звязаныя з Расіяй.
Дзейнічаюць праграмы акадэмічнага абмену з Валгаградскім дзяржаўным універсітэтам, расійскай «Вышэйшай школай эканомікі», Балтыйскім федэральным універсітэтам у Калінінградзе, Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, універсітэтамі Індыі і КНР. Ёсць міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ўніверсітэта ў галіне вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі з Рэспублікамі Казахстан, Таджыкістан, з Кыргызскай Рэспублікай і Туркменістанам, Рэспублікай Малдовай.
А што з Балонскім працэсам?
На сайце ГрДУ ў раздзеле «Міжнародная дзейнасць» ёсць і інфармацыя пра Балонскі працэс. Гэта ініцыятыва, скіраваная на стварэнне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якая забяспечвае сумяшчальнасць адукацыйных сістэм і дыпломаў сярод краін-удзельніц. Беларусь далучылася да яго ў 2015 годзе. Гэта дазволіла зблізіць нацыянальныя адукацыйныя стандарты з еўрапейскімі і павысіць прывабнасць беларускіх ВНУ для замежных студэнтаў.
Увесну 2022 года, пасля пачатку вайны ва Украіне, расійскія ўлады абвясцілі аб выхадзе краіны з Балонскага працэсу. Тады Савет Федэрацыі параўнаў Балонскую сістэму з пыласмокам, які «актыўна дазваляў выпампоўваць» «разумных людзей» з Расіі і адпраўляў іх у «несяброўскія дзяржавы». У чэрвені 2022 года Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі прыпыніла сяброўства ў Балонскім працэсе і Беларусі, якая падтрымала Расію ў вайне. Тагачасны міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец восенню 2022 года заявіў, што «беларуская сістэма адукацыі не адчула прыпыненне сяброўства ў Балонскім працэсе», і шмат у чым гэта адыграла станоўчую ролю.
На сайце ГрДУ інфармацыі аб прыпыненні ўдзелу Беларусі і, адпаведна, ВНУ, у Балонскім працэсе няма.
Чытайце таксама: У ГрДУ будуць кантраляваць студэнтаў з дапамогай сістэмы распазнання твараў