Старшыня грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз” і кіраўнік кампаніі “Нямнова-Тур” Сяргей Іванавіч Каляда памёр 6 студзеня 2025 года. Яму было 65 гадоў. Пра гэта паведаміла ў Facebook дырэктарка “Нямнова-Тур” Данута Палубенская.

Сяргей Каляда ўнёс вялікі ўклад у развіццё ўнутранага турызму ў Беларусі, у стварэнне і развіццё інфраструктуры Гродзенскага рэгіёну, Аўгустоўскага канала, актыўнага турызму ў краіне, піша Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.

Развітанне з Сяргеем Калядой адбудзецца 8 студзеня 2025 года ў Гродне:

  • 10.00 – 12.00 – пахавальны дом на вул. Касманаўтаў, 74а, зала №5,
  • 12.30 – 13.00 – адпяванне ў саборы на вул. Ажэшкі,
  • 13.20 – 14.10 – могілкі Аульс,
  • 14.30 – памінальны абед, кафэ «Верас» на вул. Горкага, 72.

Сяргей Каляда ўклаў шмат намаганняў у развіццё трансгранічнага турызму

Сяргей Каляда быў адным з першых, хто ў 2010-х пачаў развіваць транспамежнае супрацоўніцтва ў сферы турызму з Польшчай і Літвой. Ён прыцягваў у Гродзенскі рэгіён праекты, якія фінансуюцца Еўрасаюзам, дзякуючы якім рэстаўраваліся будынкі, ствараліся веламаршруты, рамантаваліся дарогі. Каляда стараўся прасоўваць Аўгустоўскі канал і прыцягваць турыстаў у Гродна, калі горад стаў часткай бязвізавай зоны. Самы буйны і вядомы з праектаў Сяргея Каляды – польска-беларускі “Шляхам Тызенгаўза”.

Чытайце таксама: «Шляхам Тызенгаўза». У Гродне развіваюць турызм з дапамогай Еўрасаюза

“Сергей Иванович всегда поражал своими знаниями и своими взглядами на жизнь, на людей. Ушел человек, который очень многое сделал для развития спортивного туризма, трансграничного сотрудничества, сохранения исторического наследия. Вечная память”, – піша ў каментарах у Facebook былы дэкан факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Лі Чон Ку.

“Сергей Иванович очень яркая фигура в туристической индустрии, большой вклад внес в эту отрасль. Очень его будет не хватать”, – напісала кіраўніца ТАА “Мядовы шлях” Вольга Гаўрылік.

“Сергей Иванович – светлый человек, много сил вложил в развитие трансграничного туризма”, – напісала Наталля Гаспадарык з сектара спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама.