Калядная батлейка з сапраўднымі жывёламі з’явілася напярэдадні Раства каля Барысаглебскай царквы ў Гродне. Штогадовая традыцыя прывозіць у батлейку жывых казлянят і авечак пачалася ў 2019 годзе і працягваецца дагэтуль.
«Мы ставім батлейку з жывымі жывёламі, каб перадаць атмасферу менавіта той каляднай ночы, — адзначыў у размове з БелТА клірык Каложскай царквы іерэй Дзмітрый Калеснікаў. — Усю атмасферу цуду, які тады адбываўся, мы спрабуем узнавіць, каб кожны мог да гэтага таксама дакрануцца і паглядзець, як гэта адбывалася».
Яшчэ большай атмасфернасці батлейцы на тэрыторыі храма дадаў снег, які выпаў у Гродне напярэдадні.
Жывёл можна будзе пабачыць каля Каложы яшчэ некалькі дзён
Жывёл для каляднай батлейкі прывезлі з прыгараднага агратурыстычнага комплексу. Плануецца, што батлейка на тэрыторыі храма будзе даступная для агляду яшчэ некалькі дзён пасля Раства.
Батлейкі, якія напярэдадні Раства з’яўляюцца ў каталіцкіх і праваслаўных храмах, паказваюць сцэну з нованароджаным Ісусам Хрыстом, якому прыйшлі пакланіцца пастухі. Паводле Евангелля, Ісус нарадзіўся ў хляве, сярод жывёл, бо для яго бацькоў не знайшлося лепшага месца ў Віфлееме.