З 22 снежня ў музеі гісторыі рэлігіі пачала працу выстава «Вандроўка ў свята Раства Хрыстова», якая распавядае пра традыцыю шопак-батлеек і калядных елак. Спецыяльна на выставу касцёлы Гродна і Ліды прадставілі святочныя скульптуры і абразы.

Шопкі - з Італіі

«Ад Раства Хрыстова мы адлічваем нашу эру. У гэтыя дні пачынаецца новы каляндарны год. З далёкіх часоў гэтае свята мае вельмі шмат традыцый, пра некаторыя з іх і распавядае наша выстава, — кажа навуковы супрацоўнік музея Галіна Хамко. — Перад святам Раства ў кожным касцёле усталёўваюць яселкi або інакш шопкі. Гэтая традыцыя вельмі старая і прыйшла да нас з 13 стагоддзя з Італіі. У першых яселках былі прадстаўлены жывыя людзі, а цяпер скульптуры».

Як адзначалі Раство стагоддзі таму паказваюць у музеі гісторыі рэлігіі

Елкі - з Германіі

Беларуская традыцыя на Раство Хрыстова — батлейка. На першым паверсе музея яе паказваюць дзецям. Там жа ўпрыгожана вялiкая елка — але не проста, а згодна з даўнімі традыцыямі.

«Традыцыя ставіць елку пайшла з Германіі, прыкладна ў 16 стагоддзі. На нашых землях елкі пачалі ставіць і ўпрыгожваць перад Раством у дамах у 18 стагоддзі. А ўпрыгожвалі тым, што можна было з’есці. Напрыклад, яблыкамі, цукатамі, арэхамі і г. д. Але ўсё гэта хутка з’ядалася і елка станавілася непрыгожай. Тады ўпрыгожваць святочнае дрэўца пачалі рознымі шарамі, анёламі, званочкамі, гірляндамі і гэтая традыцыя захавалася да нашых дзён», — дадала Галіна Хамко.

Колькі каштуе?

Выстава «Вандроўка ў свята Раства Хрыстова» будзе доўжыцца да 30 студзеня. Уваходны квіток школьнікам — 1 руб, студэнтам — 1 руб. 20 кап, дарослым — 1 руб. 50 кап. Экскурсійнае абслугоўванне — 8 руб. (Група да 25 чал.) Уваходны квіток на выставу з батлеечным прадстаўленнем — 3 руб. (Толькі па папярэдняй заяўцы)