Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп’ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Сярод іншага, сістэма павінна перахопліваць трафік, уключаючы шыфраваны, і фіксаваць актыўнасць карыстальніка.
Гэта сістэма прадухілення ўцечак дадзеных і маніторынгу сеткавай актыўнасці. Апісанне пакупкі займае 31 старонку. У прыватнасці, патрабуецца:
- перахоп і аналіз паведамленняў і файлаў, якія адпраўляюцца ў блогі, форумы, файлаабменнікі,
- перахоп і аналіз пошукавых запытаў,
- захаванне адрасоў усіх наведаных старонак,
- перахоп перапіскі ў чатах, публікацый статусаў, каментароў у Facebook, Twitter, ВКонтакте, Одноклассники.
- перахоп ўваходных і выходных электронных лістоў і укладанняў, перададзеных альбо атрыманых праз Gmail, Hotmail, Mail.ru, Rambler, Yahoo, Yandex,
- перахоп паведамленняў і файлаў, перададзеных у Skype, Telegram, Whatsapp, Discord, Microsoft Teams, Slack, а таксама перахоп паведамленняў, перададзеных у ICQ, Google Hangouts, Rocketchat.
Таксама патрэбна аўтаматычнае выяўленне паведамленняў і файлаў, якія ўтрымліваюць пэўную інфармацыю (на падставе зададзеных палітык бяспекі). Гэтыя паведамленні перанакіруюць адказнаму за інфармацыйную бяспеку. Пад кантролем таксама будуць Signal, LinkedIn, Instagram. Таксама будуць кантраляваць друк і знешнія дыскі.
На куплю выдаткуюць 288 000 рублёў з уласных сродкаў. Сістэма павінна з’явіцца ва ўстанове да канца года.
Чытайце таксама: Палац «Юнацтва» правераць на бяспеку — ці вытрывае ён капрамонт