Зімні бальны сезон у Новым замку стартуе 30 лістапада. Сярод арганізатараў мерапрыемства — консульства Расіі ў Гродне і Рускі дом. Пры гэтым першы танец, які выканаюць удзельнікі, — паланэз пад музыку з польскага патрыятычнага фільма «Пан Тадэвуш».

Шкарпэткі ў тон абутку: на балі будзе строгі дрэс-код

Бальны сезон у Новым замку пройдзе ўпершыню. Для ўдзельнікаў прадугледжаны абавязковы дрэс-код. Напрыклад, мужчыны павінны прыйсці ў фраку, з белымі пальчаткамі, чорнымі туфлямі і шкарпэткамі ў тон. Касцюмы іншых адценняў не дапускаюцца. Жанчыны — у бальных сукенках і прыдатным для танцаў абутку.

Адкрыццё бальнага сезону адбудзецца 30 лістапада, пачатак у 16:00. Кошт квітка — 75 руб., паведамляе Гродзенскі аблвыканкам.

У XVIII стагоддзі ў Новым замку Расія ліквідавала Рэч Паспалітую, у XXI — зладзіла баль

Сярод арганізатараў мерапрыемства: Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, Дзятлаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці, а таксама Расійскае генконсульства ў Гродне і Расійскі цэнтр навукі і культуры (Рускі дом).

Характэрна, што першы танец, які паводле праграмы павінны выканаць госці балю — паланэз на музыку з фільма «Пан Тадэвуш». Карціна была знята ў 1999 годзе паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча і расказвае пра жыццё шляхты напярэдадні вайны Напалеона з Расіяй і пра жаданне змагацца з расійскімі акупантамі за адраджэнне Рэчы Паспалітай.

Адметна, што менавіта ў сценах Новага замка ў 1793 і 1795 гадах былі падпісаны пагадненні аб другім і трэцім падзеле Рэчы Паспалітай, пасля якіх беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.