Гродзенская авіякампанія распрадае самалёты — на таргі выстаўлена пяць «кукурузнікаў». Раней планавалася, што на базе гродзенскага аэрапорта створаць буйную кампанію, якая зможа канкурыраваць з «Белавія». Аднак у апошнія гады кампанія працавала ў страту. На самалёты, выстаўленыя на аўкцыён, звярнула ўвагу Blizko.by.

Пяць самалётаў абыйдуцца ў $ 135 тыс.

На таргі выстаўлена пяць самалётаў кампаніі з рэгістрацыйнымі знакамі EW-62 618, EW-84 727, EW-43 952, EW-7 428, EW-33 583. Усе пяць — біпланы Ан-2, так званыя «кукурузнікі», выпушчаныя з 1973 па 1988 гады. Яны ўкамплектаваны рухавікамі і вінтамі. Лоты знаходзяцца на тэрыторыі гродзенскага аэрапорта.

Цэны на самалёты ўстаноўлены ў памеры ад 69 360 да 83 760 руб. Таксама за дадатковую суму — стартавая цана 47 760 руб. — можна купіць яшчэ адзін рухавік АШ-62ІР.

Таргі па кожным лоце асобна адбудуцца 30 снежня 2024 года.

Хацелі канкурыраваць з «Белавія», але ўлезлі ў даўгі

У сярэдзіне 2010-х гадоў ва ўладаў паўстала ідэя стварыць на базе авіякампаніі «Гродна» другую буйную беларускую авіякампанію. Гэта павінен быў быць лаўкостар, які складзе канкурэнцыю «Белавія» і дапаможа развіваць гродзенскі аэрапорт. У ліпені 2019 года ў Беларусі нават прынялі канцэпцыю развіцця рэгіянальных аэрапортаў.

Аднак у лістападзе 2021 года пад Іркуцкам разбіўся грузавы самалёт Ан-12 авіякампаніі «Гродна». На борце знаходзіліся сем чалавек, у тым ліку адзін гродзенец — усе загінулі. Пасля гэтага авіякампанія «Гродна» прайграла суд Дарожнай службе Іркуцкай вобласці. Суд прызнаў яе абавязанай выплаціць 45,3 тысячы рублёў за дастаўку грузу і спецтэхнікі да месца крушэння самалёта.

З-за санкцый, накладзеных на Беларусь у 2021 годзе і Расію ў 2022, у паветранай прасторы краіны перасталі лётаць самалёты. Гродзенскі аэрапорт прастойваў.

У ліпені 2023 стала вядома, што авіякампанія распрадае свае самалёты з-за даўгоў. Згодна са справаздачай, дзейнасць кампаніі за апошнія два гады прыносіла толькі страты. А ў пачатку 2024 года авіякампанію «Гродна» рэарганізавалі і вырашылі далучыць да «Белавіа».