6 лістапада 2024 года прадпрыемства «Белрэстаўрацыя» ўнеслі ў Спіс пастаўшчыкоў (падрадчыкаў, выканаўцаў), якія часова не дапускаюцца да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак. Гэта пагражае знікненнем галоўнай профільнай арганізацыі краіны. Імаверна, апошняй кропляй стаў канфлікт з уплывовымі замоўцамі рэстаўрацыі палаца ў Свяцку пад Гроднам.

«Белрэстаўрацыя» працуе з 1985 года і займаецца адраджэннем ключавых архітэктурных помнікаў краіны. Гэта адзінае ў Беларусі навукова-рэстаўрацыйнае аб’яднанне. У структуру «Белрэстаўрацыі», акрамя галаўнога прадпрыемства, уваходзяць тры філіялы: праектны філіял у Мінску, «Брэстрэстаўрацыя» і «Брэстрэстаўрацыяпраект». Агулам на прадпрыемстве і ў філіялах працуе каля паўтысячы чалавек. Зараз «Белрэстаўрацыя» займаецца аднаўленнем Навагрудскага замка.

Зараз усе дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы, асноўныя заказчыкі «Белрэстаўрацыі», павінны праходзіць праз працэдуру закупак. Гэта значыць, што пасля завяршэння бягучых праектаў прадпрыемства можа застацца без працы, адзначае «Наша Ніва».

Белрэстаўрацыя пад пагрозай знікнення
Скрыншот сайта Дзяржаўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы кіравання дзяржзакупкамі

Чаму прадпрыемства трапіла ў спіс і як надоўга?

Прычынай унясення «Белрэстаўрацыі» ў «чорны спіс» пазначана тое, што «Белрэстаўрацыя» не выканала або неналежным чынам выканала дамову. Падрабязнасцей дакумент не раскрывае.

Тэрмін знаходжання ў спісе таксама неакрэслены. Зыходзячы з практыкі, яго могуць выключыць адтуль аўтаматычна роўна праз два гады пасля ўнясення, калі толькі прадпрыемства не зможа даказаць патрэбу выключыць яго са спісу раней.

Ва ўсім вінаваты Нацбанк?

Пасля завяршэння першай чаргі рэканструкцыі мінулым летам для наведвальнікаў адкрылі палацавы комплекс у Свяцку пад Гроднам. Яго аднаўлялі пасля дзесяцігоддзя занядбання. Рэканструкцыяй якраз займалася «Белрэстаўрацыя». Заказчык аб’екта — санаторый «Азёрны» — належыць Нацыянальнаму банку Беларусі.

У базе судоў ёсць разбіральніцтвы паміж «Белрэстаўрацыяй» і санаторыем. 16 траўня 2024 года ў эканамічным судзе Гродзенскай вобласці разглядалі скасаванне дамовы паміж імі. Чарговы суд ужо па пытанні падраду на праектныя і вышукальныя работы адбыўся 20 лістапада 2024 года ў эканамічным судзе Мінска.

Праблемы «Белрэстаўрацыі»

Праблемы ў «Белрэстаўрацыі» ёсць ужо некалькі гадоў. У савецкія часы прадпрыемства мела некалькі філіялаў, сотні спецыялістаў і ўласныя рэсурсы. За тры дзесяцігоддзі незалежнасці яно прыйшло ў заняпад.

«Белрэстаўрацыя» саступіла пазіцыі буйным інстытутам, такім як «Белдзяржпраект», «Гроднаграмадзянпраект», «Мінскграмадзянпраект». Пры гэтым яе часта прыцягваюць для абслугоўвання і ўзаконьвання праектаў. Так, рэканструкцыяй Старога замка ў Гродне займаецца «Гроднаграмадзянпраект», а спецыялісты «Белрэстаўрацыі» выконваюць асобныя працы, накшталт стварэння вітражоў ці роспісаў. Адной з прычын заняпаду стаў ціск на спецыялістаў, якія не пагаджаліся з пэўнымі рашэннямі наконт помнікаў архітэктуры і пакідалі прадпрыемства.

«Белрэстаўрацыя» застаецца важным гульцом дзякуючы сваёй рэстаўрацыйнай вытворчасці, якая прыносіць асноўны даход. Аднак майстры сыходзяць у прыватныя фірмы з больш высокімі заробкамі.

Акрамя ўсяго, прадпрыемства і раней мела канфлікты з замоўцамі. Апошнія гады працягваецца канфлікт з «Мінскай спадчынай», замоўцам па гістарычнай забудове Мінска.

У Гродне была свая рэстаўрацыя

У 1991 годзе было створана асобнае Упраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры Гродзенскай вобласці. Яно дзейнічала згодна з Палажэннем аб Галоўным упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва ад 1994 г. У гэтай сістэме стварылі эканамічна самастойныя рамонтна-рэстаўрацыйныя і праектныя падраздзяленні па раёнах вобласці. Да 1992 г. было сфармавана восем арганізацый: «Гроднарэстаўрацыя», «Смаргоньрэстаўрацыя», «Навагрудакрэстаўрацыя», «Слонімрэстаўрацыя», «Спецпраектрэстаўрацыя» і іншыя.

З 1992 года ўстанова трансфармавалася ў Дзяржаўнае вытворча-камерцыйнае ўпраўленне па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры, з 1995 года структуру перайменавалі ў Дырэкцыю па рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў пры Гродзенскім аблвыканкаме, у 2001 годзе — у абласное вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Гродна-Рэстаўрацыя» Гродзенскага аблвыканкама (да 2004 года).

Пасля ўстанову ліквідавалі як непатрэбную. Былую сядзібу на Тэльмана, 3 зараз займае Упраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці.