У авіякатастрофе пад Іркуцкам загінула трое грамадзян Беларусі. Як мінімум двое з іх працавалі ў авіякампаніі «Гродна». Аб адным загінулым паведамляюць, што ён жыў у нашым горадзе.

«Гэта быў яго першы палёт»

Авіяінжынер Максім Карпук — самы малады з загінулых чальцоў экіпажа. Яму было 26 гадоў. СМІ пішуць, што хлопец родам з Зэльвенскага раёна, пасля заканчэння акадэміі жыў у Гродне і працаваў у мясцовай авіякампаніі. Вядома, што ён выпускнік Мінскага вышэйшага авіяцыйнага каледжа і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. У сацсетцы «Одноклассники» насамрэч ёсць профіль гродзенцаз такімі дадзенымі.

На борце Ан-12, які разбіўся, быў гродзенец. Што яшчэ вядома пра загінулых беларусаў?
Фота з профілю Максіма Карпука ў «Одноклассниках»

Выданню «Наша Нiва» ўдалося звязацца з бацькам Максіма Карпука. Ён паведаміў, што яго сын быў у камандзіроўцы ў Расіі. Аднак пра трагедыю мужчына пачуў ад журналістаў, прадстаўнікі авіякампаніі з ім не звязваліся. Бацька Максіма выказаў спадзёў, што гэта памылка.

«Ён не лётаў звычайна, працаваў на месцы. Яго праца — рамантаваць самалёт. Гэта быў яго першы палёт, першая камандзіроўка, бо патрэбныя інжынеры былі дзесьці на курсах, не было каго адпраўляць», — паведаміў «Нашай Ніве» бацька Максіма.

Паводле яго слоў, апошні раз ён звязваўся з сынам пару дзён таму праз Viber. Той распавядаў, што самалёт прайшоў планавы рамонт перад вылетам.

«Авіяцыя памылак не даруе»

Інжынер Дзмітрый Гарманенка таксама працаваў у авіякампаніі «Гродна». Пра гэта пісаў «Транспортный вестник» у 2018 годзе. Гарманенка працаваў у арганізацыі з 2004 года, на момант публікацыі быў начальнікам участка тэхнічнага абслугоўвання самалётаў.

На борце Ан-12, які разбіўся, быў гродзенец. Што яшчэ вядома пра загінулых беларусаў?
Дзмітрый Гарманенка — справа. Фота: «Транспортный вестник»

«Для нас асноўнае — забяспечыць бяспеку людзей, тэхнікі, грузаў, — казаў Гарманенка ў інтэрв'ю. — Авіяцыя памылак не даруе, таму кантроль у нас вельмі строгі».

На сайце Белдзяржакадэміі авіяцыі ёсць інфармацыя, што ён скончыў ВНУ з адзнакай у 2001 годзе.

Штурману Андрэю Сяргееву было 39 гадоў. Інфармацыю пра яго публікуе адно з папулярных навінавых медыя. Па словах знаёмых, якія звязаліся з выданнем, у Сяргеева засталося двое дзяцей.

На борце Ан-12, які разбіўся, быў гродзенец. Што яшчэ вядома пра загінулых беларусаў?
Андрэй Сяргееў. Фота з сацыяльных сетак

У 2000 годзе ён скончыў Сувораўскую вучэльню, затым авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі, служыў у ВПС. Летась звольніўся на «грамадзянку». Перад сыходам з арміі служыў ваенным штурманам у частцы пад Мінскам.

Ан-12 авиакомпании "Гродно", 31 октября 2021, вылетает из Сургута в Якутск. Фото: Иван Ураков, russianplanes.net
Ан-12 авіякампаніі «Гродна», 31 кастрычніка 2021, вылятае з Сургута ў Якутск. Фота: Іван Уракоў, russianplanes.net

Ан-12 разбіўся па дарозе ў Гродна

Самалёт Ан-12 авіякампаніі «Гродна» разбіўся у 4 кіламетрах ад Іркуцка 3 лістапада 2021 года пры заходзе на пасадку. Увесь экіпаж — 7 чалавек — загінуў. Вядома, што грузавы самалёт перавозіў прадукты і тавары на Чукотку. У момант катастрофы Ан-12 ляцеў без грузу ў Гродна з дазапраўкай у Якуцку, паведамляе рэгіянальнае аддзяленне «Камсамольскай праўды» ў Іркуцку. Ан-12, які разбіўся, эксплуатаваўся з 1968 года — гэта значыць, больш за 50 гадоў. Авіякампанія «Гродна» набыла яго ў 2019 годзе. Раней ён выкарыстоўваўся вайскова-паветранымі сіламі СССР і РФ, кампаніямі Air Armenia і Asia Airways. Да заканчэння расследавання здарэння ў Беларусі прыпынілі выкарыстанне ўсіх самалётаў Ан-12.