У аграгарадку Шчорсы прыступілі да аднаўлення гаспадарчых пабудоў былой сядзібы Храптовічаў. Ужо пачалі крыць дах, а таксама замуроўваюць праёмы ў сценах, што з’явіліся ў савецкія часы. 

Пра ход рэстаўрацыі ў Facebook распавёў краязнавец Зміцер Юркевіч. Ён нагадвае, што вяндлярня, якой зараз патрабуецца рамонт даху, раней прадавалася за адну базавую. Але, наколькі вядома Зміцеру, пакупнік так і не знайшоўся. 

Будынак спрабавалі прадаць некалькі разоў, паступова зніжаючы кошт на аўкцыёне. 

Як актывісты спрабавалі аднавіць сядзібу Храптовічаў 

Аднаўленнем сядзібы займалася арганізацыя “Фонд Шчорсы-Храптовічы», які з’явіўся ў 2017 годзе. За першы год існавання  фонду актывісты арганізавалі даследаванні парка сядзібы са спецыялістамі з Інстытута эксперыментальнай батанікі. 

Пасля парк пачалі расчышчаць, а таксама правялі тэхэкспертызу Мураванкі — комплексу сельскагаспадарчых пабудоў у выглядзе сярэднявечнага замка. 

У 2020 годзе фонд у партнёрстве з Навагрудскім райвыканкамам і польскай гмінай Седльцэ выйграў еўрапейскі грант на аднаўленне вяндлярні. 

Але тады з-за пандэміі адмяніўся традыцыйны «летнік», падчас якога валанцёры збіраліся на тэрыторыі сядзібы і займаліся яе аднаўленнем. Паступленне грантавых інвестыцый таксама апынулася пад пытаннем. Як адзначала дырэктарка фонду Ганна Булда, рукі ў яе «фактычна апусціліся». 

— Больш за ўсё заснавальнік фонду баіцца таго, што сядзіба Храптовічаў паўторыць сумную долю дзясяткаў маёнткаў у розных кутках Беларусі — будзе зарастаць дрэвамі і хмызняком, трухлець і развальвацца, і ў адзін цудоўны дзень проста пойдзе пад бульдозер, — адзначала Ганна. 

У 2021 мясцовыя ўлады забралі ў фонда будынак для валанцёраў, забаранілі летні лагер і спынілі супрацоўніцтва, але не выходзілі з сумеснага трансгранічнага праекта, па якім павінны былі атрымаць фінансаванне. 

Адначасова Упраўленне юстыцыі пачала «планавую» праверку фонда. Навагрудскі выканкам сам пачаў рэгістраваць трансгранічны праект у Беларусі, але польскі бок з яго выйшаў. Афіцыйна — праз пандэмію і мігранцкі крызіс на межах дзвюх краін. 

Адразу пасля гэтага раённае ўпраўленне юстыцыі падала ў суд на ліквідацыю фонду. Ён трапіў пад хвалю масавых ліквідацый грамадскіх арганізацый у Беларусі ў 2021−2022 гадах. 

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы