У Гродне на продаж выставілі старую воданапорную вежу ў мікрараёне Фолюш. Паводле ўмоў аўкцыёна, там можна адкрыць краму, кафэ, спортзалу, адміністрацыйны ці фінансавы аб’ект.

Вежа размешчана па адрасе завулак Фолюш, 4. Улетку каля яе разабралі помпавую станцыю.

Вежа лічыцца аднапавярховай, агульная плошча — 24,6 кв.м. Будынак пабудаваны з цэглы, дах — рулоннага тыпу, падлогі - бетонныя, дзвярныя праёмы абсталяваны шчытавымі дзвярыма. Памяшканне плошчай 12,3 кв. м здаецца ў арэнду да 25 кастрычніка 2026 года і прызначана для абсталявання базавай станцыі сотавай сувязі.

Пакупнік атрымае таксама зямельны ўчастак плошчай 3,7 соткі пад пабудовай. Яго здадуць у арэнду тэрмінам на 50 гадоў. За год трэба будзе зацвердзіць праект рамонту або рэканструкцыі пабудовы, завяршыць працы, і ўвесці аб’ект у эксплуатацыю не пазней, чым праз тры гады з даты дагавора продажу.

Пачатковы кошт вежы — 90 878 руб. ($ 27,4 тыс.). Аўкцыён прызначылі на 12 снежня.

Што яшчэ застанецца ад былой вайсковай часткі?

Воданапорную вежу на Фолюшы пабудавалі ў 1968 годзе для патрэб былой вайсковай часткі № 15. Зараз на яго месцы будуюць жылы мікрараён. Першыя дамы ўжо здалі ў эксплуатацыю. Пры планаванні мікрараёна некаторыя будынкі вырашылі не зносіць, а перарабіць пад аб’екты грамадскага прызначэння. Гэта дазваляла захаваць і старыя дрэвы побач — згодна з планам гарадскіх уладаў, раён павінен быў быць максімальна зялёным, з «санаторнай атмасферай».

У ліку іншых у мікрараёне прадавалі будынкі па вул. Яснапольская, 23, 23/1, 23/2, 23/3 — былы штаб, кавярню, навучальны корпус, кандытарскі цэх, а таксама падземны камандны пункт па вул. Яснапольская, 12 і два будынкі штабоў на Яснапольскай, 12/1 і 12/2.

Чытайце таксама: