Былога дырэктара шклозавода “Нёман” і дзяржаўнага функцыянера Ігара Бацяна прыгаварылі да 12 гадоў калоніі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве, паведамляе «Гарадзенская праваабарона». Пакуль інфармацыя афіцыйна не пацверджана.
Працэс над Бацянам у Гродзенскім абласным судзе ў жніўні 2024 года вёў суддзя Руслан Гурын. Як адзначаюць праваабаронцы, у 2020 годзе Бацян публічна не выказваўся. А 16 жніўня 2020 года, калі ў Беларусі праходзілі найбольш масавыя пратэсты, Telegram-акаўнт былога дырэктара “Нёмана” далучыўся да буйной праўладнай групы “За Беларусь!”.
Бацян узначальваў шклозавод 12 гадоў – з 2005 па 2017 год. У ліпені 2017 ён перайшоў на працу ў Федэрацыю хакея Беларусі, дзе кіраваў аддзелам развіцця і дзіцяча-юнацкага хакея, а потым знік з поля зроку. Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА па палітычным артыкуле.



