Пасля змены ўласніка крамы «Остров чистоты и вкуса» аднаўляюць работу. Зараз па ўсёй Беларусі працуе 15 кропак, дзве з іх – у Гродзенскай вобласці. Хутка брэнд вернецца і ў само Гродна, паведамляюць у Instagram-акаўнце сеткі.

Крама ў Гродне з’явіцца ўжо гэтай восенню

Цяпер набыць тавары ў «Острове чистоты и вкуса» ў Гродзенскай вобласці можна ў двух месцах. Адна крама знаходзіцца ў Іўі на плошчы Энгельса, 1. Другая – у Дзятлаве на плошчы 17 Верасня, 7.

Каментатары зацікавіліся тым, што ў спісе ёсць гарады Гродзенскай вобласці, а вось уласна Гродна – няма. “Адкрыццё ўжо ў сярэдзіне кастрычніка”, – адказалі на пытанні ад імя сеткі.

Таксама людзі просяць адкрыць крамы ў Лідзе, Навагрудку, Воранаве і Ваўкавыску – уласнік адзначае, што варыянт адкрыцця кропак у гэтых гарадах таксама разглядаецца.

Што адбылося з «Островом чистоты»? 

Праблемы ў сеткі пачаліся ў 2022 годзе з затрымання ўладальніка Віктара Рамука. Пасля ў офісе рытэйлера прайшлі вобшукі – інтарэс да бізнесу праявіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Фірме прыйшлося выплаціць штрафы – каля $7 млн, пасля чаго Рамука вызвалілі з СІЗА.

У ліпені 2024 года стала вядома, што сетка крамаў будзе ліквідавана. Праблемы ўзніклі з-за “няўдалых фінансавых укладанняў і стратэгіі развіцця бізнесу”, паведамляў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Паводле яго слоў, “вялікіх праблем з банкруцтвам” у сеткі не ўзнікала.

Аднак ужо ў жніўні ў МАРТ агучылі планы па захаванню брэнда, а для яго развіцця знайшлі новага ўласніка. Зараз крамамі сеткі кіруе іншая фірма – «АйландГруп».