На вуліцы Горкага, 92 у Гродне адкрылася крама «Кузнечик». Раней у сацсетках гараджане адзначалі яе візуальнае падабенства з польскім аналагам «Żabka» (літаральна жабка з польск.) — сеткай крам ля дома, дзе можна купіць усё неабходнае, а таксама перакусіць.

Дызайн-код «Кузнечника» сапраўды нагадвае польскую “Żabka” – цёмна-зялёныя адценні і шрыфты падабраны амаль у тон. Таксама падобныя кубкі для кавы і агульнае афармленне крамы.

Аўтарка паста таксама прымацавала фота магазіна. Мяркуючы па здымках, у «Кузнечике» робяць каву на вынас, гандлююць снэкамі, кулінарыяй накшталт гатовых сэндвічаў і салатаў, а таксама гатовымі дэсертамі, пірожнымі і выпечкай. Ёсць і звычайныя харчовыя тавары, а таксама замарожаная прадукцыя.

«Хот-догамі як у жабцы пакуль не пахне. Пакуль выглядае як звычайная крама, дзе можна зрабіць каву, купіць выпечку ці разліўное», — напісала ў сацсетках адна з гараджанак.

Як у Польшчы працуе “Żabka”?

Польская сетка «Żabka» працуе па прынцыпе франшызы – брэнд пастаўляе дольшчыкам прадукцыю, тыя ж самастойна шукаюць супрацоўнікаў і адказваюць за вядзенне бізнесу.

Польская «Żabka» працуе па сістэме крам каля дома — кропкі адчыняюцца і ў спальных раёнах, і ў прахадных месцах, каб зачыняць запатрабаванні гараджан у хуткім перакусе і папулярных таварах накшталт прысмакаў, кавы, вады ці алкаголю. Таксама ёсць і дадатковыя функцыі – там можна адправіць ці забраць пасылку, аплаціць камунальныя паслугі, здаць абутак у рамонт.

А на пачатку лета ў цэнтры Варшавы адкрылася першая двухпавярховая “Żabka” у краіне. Адзін з паверхаў адвялі пад кафэ, а на сталах устанавілі бесправадныя зарадкі.

У Польшчы дзейнічае закон, паводле якога гандлёвыя кропкі не працуюць па нядзелях і святочных днях. Для “Żabka” ёсць выключэнне – але працаваць павінен уладальнік кропкі.

Чытайце таксама: “Нармальны быў гастраном – цяпер там прадаюць шпалеры”. Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?