Людзі і справы

У Гродзенскай вобласці адзначаюць Дзень народнага адзінства. Што адбываецца, якія аб’екты адкрылі і што наогул азначае гэта дата?

Да Дня народнага адзінства ў Гродне зладзілі аматарскі прабег у Пышках, адкрылі выставу «Наша Беларусь» у «Фестывальным» і правялі адразу два мітынгі - на Кургане Славы і каля помніка на вайсковых могілках. Hrodna.life паглядзеў, як дату 17 верасня адзначаюць у розных дзяржаўных установах.

Дзецям — майстар-клас па абыходжанні са зброяй, дарослым — велапрабег

Напярэдадні Дня народнага адзінства вучняў сярэдняй школы № 8 у Гродне павялі на сустрэчу з прадстаўнікамі ваенна-патрыятычнага клубу «Цыркон». Дзецям далі «шэраг парад для далейшай магчымасці звязаць сваё жыццё з службай у арміі», паведамілі супрацоўнікі школы.

Дыялогавая пляцоўка да Дня народнага адзінства ў Скідзелі. Фота: Гродзенская праўда
Велапрабег да Дня народнага адзінства Смаргонскага ЦРБ. Фота: grodnoprofzdrav.by
«Адзінства адвакатуры». Фота: Савет маладых адвакатаў Беларусі
Дыялогавая пляцоўка «Беларусь адзіная». Фота: Прафсаюз ЖКГ Гродна

Для дарослых прафсаюзы і «Белая Русь» арганізавалі дыялогавыя пляцоўкі, падчас якіх можна было «яднацца з Беларуссю». Напрыклад, у Скідзелі абмяркоўвалі «важныя для ўсяго народа тэмы», а ў Смаргоні арганізавалі велапрабег з удзелам супрацоўнікаў мясцовай бальніцы. У назвах усіх пляцовак сустракаецца слова «адзінства»: «Адзінства адвакатуры», «17 граняў адзінства» і падобнае.

У дзяржаўных медыя адзначаюць, што Дзень народнага адзінства — «эпахальная падзея». Для калумніста раённай газеты «Перспектыва» Станіслава Маеўскага дата блізкая па прыватных прычынах: «У гэты сонечны дзень 13 гадоў таму было вяселле дачкі. А тут, як ні круці, падвойнае свята».

Чытайце таксама: Што казалі гісторыкі пра новае дзяржаўнае свята Беларусі?

Што адкрылі ў Гродне да Дня народнага адзінства

У Беларусі прынята адкрываць розныя аб’екты да дзяржаўных святаў. Сёлета да 17 верасня пабудавалі новую спартыўную пляцоўку пры сярэдняй школе № 34 у мікрарёне Вішнявец. На ёй размясцілі тры зоны: баскетбольную пляцоўку, воркаўт-зону з трэнажорамі і спецыяльную пляцоўку для людзей з інваліднасцю.

Наступны аб’ект, адкрыццё якога прымеркавалі да Дня народнага адзінства — рэканструяваны хірургічны корпус універсітэцкай клінікі. На мадэрнізацыю корпуса выдзелілі каля 19,8 млн руб. Там з’явіўся прыёмны пакой і аддзяленне гемадыялізу. Для пацыентаў у корпусе прадугледжана 30 ложкаў.

Да дня народнага адзінства запусцілі чэлендж — гродзенцы «зараджаюцца» дзяржаўным сцягам

Сярод відэа, апублікаваных да Дня народнага адзінства, ёсць некалькі найбольш папулярных чэленджаў. Першы — сабрацца натоўпам і пракрычаць «Беларусь — гэта мы». Другі - перадаваць з далоні ў далонь намаляваны беларускі сцяжок.

Але некаторыя ўстановы Гродзенскай вобласці падыйшлі больш крэатыўна. Напрыклад у Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжы снялі цэлы кліп — здымаліся ў ім і студэнты, і выкладчыкі.

@yo_gatka Сила в единстве! #17сентября #единство #день_народного_единства🇧🇾 #поздравление #студенты #колледж #Жировичи #ЖГАТК #преподаватель ♬ оригинальный звук — УО ЖГАТК

На іншых прадпрыемствах вырашылі не пераймацца з-за крэатыву. У сацсетках як мінімум сямі структур, падначаленых «Гродна Азот», выйшлі абсалютна аднолькавыя пасты з ухваленнем Дня народнага адзінства.

Што за свята — Дзень народнага адзінства, які адзначаюць 17 верасня?

17 верасня 1939 года СССР без аб’яўлення вайны напаў на Польшчу, якая тады змагалася з гітлераўскай Германіяй. Гэта было зроблены паводле таемнай дамовы паміж Германіяй і СССР, якую падпісалі 23 жніўня. У выніку да канца месяца Польшча была падзелена паміж СССР і Германіяй.

Пры гэтым у Гродне 20−22 верасня працягвалася абарона горада: грамадзяне разам з рэшткамі польскага войска не ўпускалі савецкія часткі ў цэнтр горада.

Упершыню аб святкаванні 17 верасня пачалі казаць у кастрычніку 1939 года — тады Народны сход Заходняй Беларусі абвясціў гэтую дату Днём вызвалення працоўных ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў, распавядае Telegram-канал Usimabusim.

Але з урачыстасцямі свята адзначылі толькі аднойчы — у 1940 годзе. З заканчэннем Другой сусветнай вайны яго прыбралі з афіцыйнага календара.

Чытайце таксама: Што адбывалася ў верасні 1939-га, акрамя рэпрэсій ад саветаў

Толькі ў верасні 1989 года зноў вярнуліся да ідэі адзінага свята — Дня ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Праўда, цяпер у якасці кропкі адліку акрамя 17 верасня называлася 28 кастрычніка. Менавіта тады Народны сход у Беластоку прыняў дэкларацыю пра ўваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР. Пры гэтым рашэнне сходу было прадвызначаным, бо пад яго адмыслова падагналі склад дэпутатаў.

Урэшце, 11 студзеня 1990 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў вызначаны Дзень уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у якасці свята, якое прыпадала на 14 лістапада. Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе Вярхоўны Савет БССР афіцыйна ўключыў Заходнюю Беларусь у склад савецкай Беларусі.

Аднак пасля спынення існавання СССР 17 верасня так і не святкавалася на дзяржаўным узроўні, пакуль 7 чэрвеня 2021 года Лукашэнка не падпісаў загад аб зацвярджэнні 17 верасня ў якасці новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. Тады ж, у верасні 2021, у Гродне з Кургана славы дасталі капсулу, закладзеную ў 1969 годзе.

Што пра святкаванне 17 верасня кажуць журналісты і гісторыкі

Гісторык Яўген Дудкін у Facebook задае рытарычнае пытанне: чаму беларускія ўлады маўчаць пра беларусаў, якія ў верасні 1939 года ваявалі ў шэрагах польскага войска?

Няўжо Праўда пра ўдзел беларусаў у абароне Польшчы неяк паўплывае на пазіцыі беларускіх палітыкаў у Беларусі ў вачах беларусаў, якім ужо рэжым Лукашэнкі навязвае сваё свята «Дзень народнага адзінства», прысвечанае нападу 17 верасня СССР на Польшчу з мэтай далучыць населеныя беларусамі землі да БССР?

Толькі Праўда дазволіць збудаваць шчырыя адносіны з суседзямі, а гэта на будучыню — падтрымка ў захаванні дзяржавы ад ворагаў.

Прафесар Беластоцкага ўніверсітэта, гісторык Алег Латышонак лічыць, што згоды паміж беларусамі і палякамі наконт 17 верасня ніколі не будзе.

17 верасня 1939 года. Тут ніколі згоды не будзе, і дарма шукаць яе. Для беларусаў гэта ўсё ж такі аб’яднанне. Уявіце, што няма той Беларусі, якая зараз ёсць. Так, можна гаварыць пра тое, якой цаной гэта адбылося, што не нашымі рукамі. Я лічу, што мы не мусім святкаваць гэтую дату, бо не мы гэта зрабілі. Святкаваць трэба свае дзеянні, а не чужыя. Але ж аб’ектыўна — гэта было аб’яднанне, і станоўчы фактар у гісторыі Беларусі.

Журналіст Дзмітрый Гурневіч піша, што 17 верасня для Беларусі - сумная дата. А мерапрыемствы, зладжаныя дзяржавай — фальш, якую дзеці адчуваюць лепш за дарослых.

Дзень адзінства Беларусі, бясспрэчна, павінен быць. Тое, што наш народ быў падзелены — вялікая несправядлівасць. Але 17-га верасня — найгоршая дата, яна ніколі не аб’яднае. Гэта сімвал пачатку вайны, рэпрэсій, дэпартацый, уцёкаў са сваёй зямлі. Усё чужымі рукамі, з чужой ідэяй, пад чужым сцягам. Ніякай суб’ектнасці Беларусі, выкарыстанне беларусаў у якасці інструмента.

А гэтыя гармонікі каля «Еўраопта», шынэлі, пустыя вочы. Гэта проста крынж. І дзеці гэта адчуваюць лепш, чым дарослыя. Іх не абдурыш. Гэта тыя самыя дзеці, якія праз 10 год стануць дарослымі і будуць пісаць (або думаць) тое ж, што і я тут. Бо я таксама вырас, назіраючы за гэтым фальшам.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024