Гродна і Ліда сталі самымі папулярнымі летнімі напрамкамі для паездак у межах Беларусі паводле агрэгатара «Атлас». Пасажыры найчасцей набывалі аўтобусныя білеты ў гэтыя два гарады. Узрасла і колькасць браніраванняў гатэляў у Гродне.
Летам мінчане ездзілі ў Гродна і Ліду
Самым запатрабаваным накірункам у «Атласе» стаў маршрут Мінск — Гродна і Гродна — Мінск. Пры гэтым білеты набывалі не толькі ў выхадныя, але і ў буднія дні.
На другім месцы маршрут Мінск — Ліда. Як адзначае «Атлас», вялікая актыўнасць назіралася падчас святкавання Дня горада ў Лідзе. «На свята адправілася нямала іншагародніх гасцей», — адзначае агрэгатар.
Па тэме: Набыць аўтобусныя білеты на Дзень горада ў Лідзе аказалася складана
Таксама ў топ запатрабаваных маршрутаў трапілі Гродна — Ліда і Гродна — Ваўкавыск.
У Гродне ўсё часцей браніруюць гатэлі
Таксама Гродна паказала самы вялікі прырост па колькасці браніравання нумароў у гатэлях за жнівень. У параўнанні з тым жа перыядам 2023 года гэты паказчык вырас на 247%.
Далей ідзе Віцебск — 173%, Брэст — 165% і Мінск — 115%, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі.
Агулам найбольшая частка браніраванняў па Беларусі назіраецца ў Мінску — 62% з усіх заказаў. На другім месцы Брэст — 10%. Гродна ў гэтым спісе на трэцім месцы — 7%.