На Алімпіядзе-2024 у Парыжы ўпершыню ў гісторыі прайшоў алімпійскі аматарскі марафон. Яго прабегла інжынерка філіяла «Гродзенскія цеплавыя сеткі» РУП «Гроднаэнерга» Вольга Кулік. Забег праходзіў па той жа трасе, што і для прафесійных спартоўцаў, толькі ўначы.
Марафонская траса даўжынёй 42,195 км прайшла праз знакавыя месцы Парыжа — Луўр, Вандомскую плошчу, Эйфелеву вежу, Версаль. Яна была не толькі цікавай, але і складанай — уключала набор вышыні ў 438 м.
Марафон для аматараў беглі зоркі тэлебачання, мастацтва і спорту. Сярод іх — экс-першая ракетка свету францужанка Амелі Марэсмо, бягуха Пола Рэдкліф, трыятлет Алістэр Браўнлі, біятланіст Мартэн Фуркад. Бегла яго і інжынерка-энергетык з Гродна Вольга Кулік, піша канал «Гродноэнерга». Вольга прабегла трасу з вынікам 4 гадзіны 31 хвіліну і 1 секунду.
«Візуальна маршрут марафона фантастычны, — падзялілася яна ўражаннямі. — Пераадолець дыстанцыю дапамагала неверагодная колькасць балельшчыкаў уздоўж трасы, якія да самай раніцы крычалі, спявалі і ўсяляк падбадзёрвалі кожнага бегуна».
«Я вельмі рада, што ўдзельнічала ў такой значнай падзеі. На памяць пра яе я атрымала свой першы Алімпійскі медаль. Ён даўся нялёгка, але вынікам я задаволеная».
Акрамя гэтага, Вольга пабывала і на алімпійскіх спаборніцтвах, назірала за заплывам на 10 км па Сене і за забегамі спартоўцаў-марафонцаў.
Каб атрымаць адно з 20 024 месцаў у марафоне, трэба было запоўніць анкету і выканаць заданні бегавога чэленджа. Марафон беглі прадстаўнікі 127 краін, найбольш удзельнікаў было з Германіі, ЗША і Францыі. Самаму малодшаму з бегуноў было 20 гадоў, самай старэйшай стала 85-гадовая Барбара Умбер. Амаль траціна ўдзельнікаў (28%) ніколі раней не бегалі марафоны. Спецыяльна для гэтай падзеі арганізавалі светлавое і гукавое шоу, выступалі музычныя гурты і дыджэі, уздоўж трасы арганізавалі зоны падтрымкі для сяброў і сям'і.
Чытайце таксама: «Эмоцыі перапаўняюць!» Гродзенка Аляксандра Хільмановіч бегла эстафету 4 па 400. Тую самую, ад якой адмовілася Ціманоўская