Жылы комплекс «Мір», які будуецца на вуліцы Магістральнай, будзе пэт-фрэндлі — у дварах і пад’ездах створаць камфортныя ўмовы для жывёл. Працы маюць скончыцца ў пачатку 2025 года. Адна з частак дома ўжо вырасла да 10 паверха.
У двары з’явіцца фантанчык для сабак, у пад’ездах — душавыя
На тэрыторыі комплексу з’явіцца фантанчык з вадой для сабак. У пад’ездах усталююць душавыя для мыцця лап жывёл пасля прагулак.
Не забудуць і пра камфорт людзей. На прыдамавой тэрыторыі будуць «ціхія» зоны: дзіцячая пляцоўка для гульняў, спартыўная пляцоўка і месцы адпачынку для дарослых.
Двор плануюць азеляніць, высадзіць там туі і хмызнякі. Паркоўку для аўтамабіляў размесцяць на аддаленні ад дому, каб выхлапныя газы і шум не перашкаджалі жыхарам.
Унутры — панарамныя вокны і амаль трохметровыя столі
Плануецца, што дом будзе 10-павярховым — фасад упрыгожаць клінкернай цэглай і белымі панэлямі.
Жылы комплекс разлічаны на 135 кватэр плошчай ад 37 да 80 квадратных метраў і са столямі ад 2,7 метра. Унутры — вокны «ў падлогу» з загартаванага шкла.
Што яшчэ брэсцкая фірма будуе ў Гродне
Жылы комплекс «Мір» будуе ў Гродне група кампаній «Палессежылбуд» з Брэста. Першапачаткова будынак меў называцца «Бона» — у гонар каралевы Боны Сфорца. Але потым забудоўшчык перадумаў.
Зараз «Палессежылбуд» займаецца зносам і перабудовай пад клубны дом царскіх казармаў на Шчорса, а таксама ўзводзіць таўнхаўсы побач са скрыжаваннем вуліц Грандзіцкая і Каплічная і раён даблхаўсаў «Аўгустоўскі» каля Баранавічаў.