Будучы жылы комплекс на Магістральнай каля паліклінікі № 5 і вул. Абухава змяніў назву. Каб яго назваць, забудоўшчык праводзіў конкурс і па выніках абралі «Бона» — у гонар каралевы Боны Сфорца, якая мела значны ўплыў на Гродна і надала яму гарадскія пячаткі. Супраць назвы выказалася праўладная актывістка Бондарава — яна ўбачыла ў ёй правакацыю.

Дзесяціпавярховы дом на Магістральнай збудуюць з цэглы. У ім будзе дзве секцыі - на два і на адзін пад’езды. На першым паверсе адкрыюць камерцыйныя памяшканні: кафэ, крамы, салоны. Вокны ў падлогу будуць з агароджай з загартаванага шкла для бяспекі і дадатковай цеплаізаляцыі.

Уваход у пад’езды будзе з двара, з узроўню ходніка. На першым паверсе размесцяць памяшканні для дзіцячых вазкоў і мыйкі лап хатніх жывёл. Для веласіпедаў прадугледжаны крыты велабокс. У кожным пад’ездзе паставяць высокахуткасны ліфт. Кватэры будуць ад 37 да 80 кв.м, са свабоднай планіроўкай, вышыня столяў - ад 2,7 м.

Размяшчэнне ЖК на Магістальнай
Размяшчэнне ЖК на Магістральнай. Крыніца: Urban Hrodna

Тэрыторыя ЖК будзе закрытай, з відэаназіраннем. Туды змогуць прайсці толькі жыхары і іх госці. У двары абустрояць гульнявую пляцоўку для дзяцей і сучасныя зоны адпачынку для дарослых. Азеляненне абсталююць кроплевым палівам. Паркоўка будзе ў аддаленні ад забудовы, месцы прадугледжаны паводле колькасці кватэр.

Экстэр’ер дома распрацавалі ў мінімалістычным стылі з нейтральнымі колерамі і яркімі светлавымі акцэнтамі на фасадзе. Аснова — чырвоная керамічная цэгла.

Першапачаткова будоўлю планавалі пачаць летам 2023, зараз пачатак анансуюць у лістападзе. Забудоўшчык прымае папярэднія заяўкі на кватэры ў новым доме.

Чарговая перамога Бондаравай?

Конкурс на назву новага жылога комплекса на Магістральнай брэсцкая фірма PObudowa («Палессежылбуд») праводзіла у траўні 2023. Сярод прапанаваных варыянтаў былі імёны гістарычных асобаў, звязаных з Гродна, ЖК «Бугорок», «Магистр» і падобныя — паводле назвы вуліцы, і «станоўчыя прыгожыя словы» (так акрэсліла іх адна з аўтарак прапаноў) кшталту «Абрикос», «Мальдивы» і «Престиж».

Забудоўца спыніўся на варыянце «Бона». «Тым самым мы звяртаем увагу на важную гістарычную асобу, якая кардынальна паўплывала на развіццё Гродна», — пакаментаваў ён свой выбар. Раней паведамлялі, што ўдзельніку, чыю назву абяруць, падораць дызайн-праект любога памяшкання.

А ўжо ў праз некалькі дзён, напярэдадні адстаўкі колішняга кіраўніка Гродна Мечыслава Гоя, абранай назвай публічна абурылася праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава. У назве «Бона» яна ўбачыла польскі ўплыў і правакацыю.